RFE/RL |
Серада, 20 Верасьня 2000 |
Сёньня |
(эфір 19 верасьня) Цэнтральная выбарчая камісія распачала разгляд скаргаў грамадзянаў, не зарэгістраваных кандыдатамі ў дэпутаты “Палаты прадстаўнікоў”. У бальшыні заяўнікам адмаўляюць, аднак ёсьць і сэнсацыйныя рашэньні, як, напрыклад, рэгістрацыя кандыдатам у дэпутаты Ўладзімера Навасяда, якому акруговая камісія раней адмовіла. Паведамляе наш карэспандэнт, які прысутнічаў на пасяджэньні ЦВК… Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык, пакідаючы залю пасяджэньня Цэнтарвыбаркаму, пасьля таго, як большасьцю галасоў яму адмовілі ў рэгістрацыі, сказаў Лідзіі Ярмошынай: “Я шкадую, што я ў вашым сьпісе”… Паводле Ганчарыка, існуе спушчаны зьверху сьпіс асобаў, непажаданых для рэгістрацыі, у які патрапіў і кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў. Ярмошына на гэта нічога не адказала. Хаця адносна скаргі Ганчарыка было відавочна, што камісія 104-й выбарчай акругі кіравалася недастаковымі падставамі для адмаўленьня яму ў рэгістрацыі. Уладзімер Ганчарык змог прывесьці некалькі грубейшых памылак: напрыклад, было ўзятае тлумачэньне ад нейкай Олі Лукашэвіч, якая “не пацьвярджала подпісы сваіх бацькоў”, ці прынялі да ведама меркаваньне экспэрта, які напісаў, што почырк пры выстаўленьні датаў на падпісных аркушах “магчыма” аднолькавы. А магчыма і не… Відавочна было, што сябры выбарчае камісіі пры праверцы подпісаў сьпяшаліся й не сабралі дастаткова фактаў парушэньняў, каб законна адмовіць Ганчарыку ў рэгістрацыі. Цэнтарвыбаркам таксама прайгнараваў довады лідэра прафсаюзаў і пасьпяшаўся прагаласаваць супраць ягонае рэгістрацыі. Хаця нават адзін зь сяброў ЦВК прызнаў, што такая ж сытуацыя была выяўленая імі і ў Ясенінскай акрузе, рашэньне якой пра нерэгістрацыю Зьмітра Бебіка на падставе гэткіх жа няспраўджаных зьвестак Цэнтарвыбаркам рэзонна адмяніў. Гэты прыклад яскрава ілюструе падвойныя стандарты ў падыходах да кандыдатаў. Уладзімер Навасяд нечакана для многіх быў зарэгістраваны Цэнтарвыбаркамам, нягледзячы на тое, што акруговая камісія адмовіла яму ў рэгістрацыі на падставе адразу трох парушэньняў: датэрміновая агітацыя, увядзеньне грамадзянаў у зман адносна сваёй партыйнай прыналежнасці й памылкі ў дэклярацыі даходаў. А Генадзя Грушавога, які прывёў прыклады фальшаваньня й ціску на грамадзянаў з боку сябраў акруговае выбарчае камісіі, рэгістраваць адмовіліся. У прыватнасьці, ім называлася прозьвішча Алены Салабай, якую “пераканалі” адмовіцца ад свайго подпісу за Грушавога. Гэтыя матэрыялы перададзеныя ў менскую пракуратуру. Не знайшлі ў ЦВК разуменьня і Алег Воўчак, Уладзімер Тарасаў, Гары Паганяйла, Віктар Цярэшчанка, хаця апошні літаральна ўпрошваў ЦВК яго зарэгістраваць, запэўніваючы ў адданасьці ўладзе… Гаворыць Гары Паганяйла. (Паганяйла: ) “Рашэньне па мне прымалася не ў акруговай камісіі, не ў Цэнтральнай, а ў камісіі, арганізаванай спадаром Мясьніковічам”. Гэта быў вядомы адвакат Гары Паганяйла. Ён лічыць безсэнсоўным падаваць скаргу ў Вярхоўны Суд, паколькі першы намесьнік старшыні гэтага суду Пётра Міклашэвіч адначасова зьяўляецца сябрам Цэнтарвыбаркаму. Тым часам Лібэральна-Дэмакратычная партыя 26 верасьня зьбірае тэрміновае паседжаньне Вышэйшае рады партыі з адзіным пытаньнем у парадку дня: “Пра мэтазгоднасьць далейшага ўдзелу ЛДПБ у выбарах ва ўмовах правакацыяў, запалохваньня, рэпрэсіяў з боку ўладаў і незаконнага масавага зьняцьця яе кандыдатаў у дэпутаты”. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |