RFE/RL |
Серада, 20 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
Тамара Віньнікава заявіла нашаму радыё пра немагчымасьць яе выдачы ў Беларусь брытанскімі ўладамі. Былая галоўная банкірка краіны спаслалася на адсутнасьць адпаведнае дамовы паміж уладамі Беларусі й Вялікай Брытаніі. Пракуратура Беларусі прыкладае намаганьні, каб вярнуць у краіну былую старшыню Нацыянальнага банку Тамару Віньнікаву. “Мы накіравалі ў брытанскую паліцыю афіцыйную просьбу ў выдачы Віньнікавай, якая падазраецца ў крымінальным злачынстве”, — паведаміў днямі прэсавы сакратар Генэральнае пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў. Сёньня Тамара Віньнікава, зь якой удалося зьвязацца па тэлефоне, зь Лёндану пракамэнтавала гэтую заяву адказнага супрацоўніка пракуратуры: “Усе гэтыя заявы ня больш чым спробы зрабіць выгляд, што нешта робіцца. У Беларусі няма зь Вялікай Брытаніяй пагадненьня пра выдачу, таму я перакананая, што мне нічога не пагражае. Я ж знаходжуся ў дэмакратычнай краіне, дзе ня дзейнічаюць загады кагосьці кінуць за краты, а дзейнічае толькі закон”, — патлумачыла Тамара Віньнікава. Далей яна заявіла, што калі беларускія ўлады маюць да яе нейкія прэтэнзіі, хай зьвяртаюцца ў брытанскі суд, але яны гэтага ня робяць, бо справа цалкам сфальшаваная, і гэта адразу будзе бачна судзьдзям. Віньнікава паведаміла, што ўжо зьвярнулася ў Раду Эўропы з просьбайю правесьці ў Беларусі галосны працэс паводле матэрыялаў абвінавачваньня, якія сабраныя ў Беларусі. “Калі такі суд пад старшынствам эўрапейскіх судзьдзяў пройдзе, я ў любым выпадку вярнуся ў краіну. Хай мяне тады нават арыштоўваюць, але ўсім будзе зразумела, што гэта палітычная справа”, — заявіла Тамара Віньнікава. Паводле ейных словаў, яна ў Лёндане актыўна сустракаецца з суайчыньнікамі й журналістамі. Толькі ўчора ёй давялося адказваць на пытаньні журналістаў, да якіх дайшлі чуткі, што Аляксандар Лукашэнка нібыта зьвярнуўся да брытанскага прэм’ера Тоні Блэра з просьбаю выдаць Віньнікаву беларускім уладам. “У Брытанскім Форын-офісу, куды я адмыслова зьвярнулася, каб удакладніць, ці гэта праўда, страшэнна расьсьмяяліся. Там пра такі ліст нічога й ня чулі”, — казала Тамара Віньнікава. Напрыканцы размовы я задаў ёй наступнае пытаньне: “Вы ведаеце, не. Пакуль я не зьбіралася прасіць брытанскага грамадзянства, і ня буду. Я не зраблю такі падарунак беларускім уладам. Я спадзяюся, што вярнуся, калі скончыцца час гэтага рэжыму, і займуся або сваёй прафэсійнай, або палітычнай дзейнасьцю”, — заявіла радыё Свабода Тамара Віньнікава. Алег Грузьдзіловіч, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |