RFE/RL |
Серада, 20 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Пяты дзень сыднэйскай Алімпіяды прынес беларускай камандзе нерыемны клопат, ды такі, якога беларускі алімпійскі рух яшчэ ня ведаў. Старшыня мэдычнай камісіі Міжнароднага Алімпійскага камітэту прынц Аляксандар дэ Мэрот заявіў, што ў беларускага кідальніка молату, 23-гадовага Вадзіма Дзевятоўскага выяўленая наяўнасьць стэроіду пандралёну, узровень якога ў 20 разоў перавысіў дазволены. Дзевятоўскі, які з 1998 году атрымліваў гэтак званую стыпендыю салідарнасьці МАКу, сёньня пакінуў Алімпійскую вёску. У штабе беларускай дэлегацыі не знайшлося асобы, якая б згадзілася пракамэнтаваць выпадак з Вадзімам Дзевятоўскім. Разам з Дзевятоўскім адлічаны з гульняў і баўгарскі цяжкаатлет Іван Іванаў, які, дарэчы, свае спаборніцтвы ўжо скончыў, выйграўшы срэбраны мэдаль у вазе да 56 кіляграмаў. Іванаў быў вымушаны здаць свой мэдаль, які цяпер будзе ўрачыста даручаны кітайцу Ху Вэн Цяну, а бронзавы мэдаль цяпер таксама ў кітайца Жэнь Цянь Цяня. Між тым, пачалі свой турнір тэнісысты ў настольным тэнісе. Напярэдадні спаборніцтва мы сустрэліся зь Яўгенам Шчапініным, які на чэмпіянаце сьвету 1998 году ўзяў бронзавы мэдаль у спаборніцтвах зьмешаных параў: (Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у Вас шанцы на перамогу?” (Шчапінін: ) “Шанцы вельмі малыя. У мяне наперадзе яшчэ пара гульняў, і калі я іх выйграю, дык тады можна гаварыць аб шанцах на Алімпіядзе”. (Карэспандэнт: ) “А ўвогуле, якія шанцы беларускай каманды на гэтай Алімпіядзе?” (Шчапінін: ) “Мой прагноз – беларуская каманда можа выйграць каля 15 мэдалёў, у тым ліку і некалькі залатых”. (Карэспандэнт: ) “Спадзяюся, Вы будзеце адным зь іх”. (Шчапінін: ) “Га-га…I hope too…” Сёньня раніцай Яўген перамог чылійца Аўгуста Марэнга, але потым, на жаль, прайграў Філіпу Сайлу з Бэльгіі. Наташа Зьверава прайграла ў першым крузе аргентынцы Марыі Эміліі Салерні. У кваліфікацыйных спаборніцтвах стралкоў Алег Хвацовас ідзе другім у стральбе на 25 мэтраў з хуткаснага пісталету. І самая апошняя навіна – прыемная. Сяргей Лаўрэнаў узяў бронзавы мэдаль у цяжкай атлетыцы ў вазе да 69 кіляграмаў. А перамаглі там два баўгарыны – Галабін Баеўскі і Георгі Маркаў. У неафіцыйным заліку, як і раней, наперадзе амэрыканцы, за імі аўстралійцы, кітайцы, французы ды японцы. Расея на восьмым месцы. Беларусь без уліку апошняга мэдаля – на 29-м. Цікава, што Аўстралійскае бюро статыстыкі лічыць, што ў неафіцыйным заліку трэба растаўляць каманды не паводле агульнай колькасьці мэдалёў, але паводле мэдалёў на душу насельніцтва той ці іншай каіны. Калі так лічыць, то Швэйцарыя, Коста-Рыка, Баўгарыя, Латвія, Куба, Галяндыя ды Беларусь увайшлі б у дзесяць мацнейшых пасьля пяці дзён спаборніцтваў. Вячаслаў Елькановіч, Сыднэй
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |