RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 20 Верасьня 2000

Сёньня



Скандалам завершылася сёньня прадстаўленьне трупе тэатру беларускае драматургіі “Вольная сцэна” прызначанага міністэрствам культуры новага мастацкага кіраўніка Валерыя Анісенкі. Акторы ў адзін голас папрасілі яго пакінуць тэатар.

“Пакіньце наш тэатар! Пакіньце наш тэатар!”, — скандуюць акторы “Вольнае сцэны” новапрызначанаму мастацкаму кіраўніку.

Так завершыся цырымонія прадстаўленьня трупе тэатру спадара Анісенкі. Пасьля пятнаццаці хвілінаў няспыннага скандаваньня Валеры Анісенка разам з двума міністэрскімі чыноўнікамі пайшоў з тэатральнае залі.

Але перад тым, як пачаць скандаваньне, акторы моўчкі выслухалі паўгадзінны выступ намесьніка міністра культуры Ўладзімера Рылаткі, які неаднаразова падкрэсьліваў, што міністэрства не цікавіць іхная думка пра новага мастацкага кіраўніка. “Выбар зроблены, і вы мусіце яго прыняць”, — заявіў ён.

Калі ж акторам прадставілі слова, яны адзін за адным пачалі казаць, што не прымаюць Валерыя Анісенку сваім мастацкім кіраўніком, і прасіць яго адмовіцца ад прызначэньня. Але той заявіў, што ня зробіць гэтага. І тады ўсе 20 актораў усталі й пачалі скандаваць.

Ужо пасьля таго, як спадар Анісенка разам са сваімі памагатымі пайшлі, акторы патлумачылі журналістам свае дзеяньні:

Тацяна Мархель:

(Мархель: ) “Мы стабільна, нармальна працуем. І таму, што ідуць нейкія зьмены, яны абсалютна ненатуральныя, і таму мы так усе стаім. У нас нічога ня трэба мяняць. Мы нармальна працуем”.

Уладзімер Іваноў:

(Іваноў: ) “Мы не вядзем ніякай барацьбы з міністэрствам культуры. Мы супраць таго, каб да нас прыходзіў мастацкім кіраўніком менавіта гэты чалавек”.

Прычына зьняцьця з пасады Валерыя Мазынскага ды прызначэньня Валерыя Анісенкі, на думку актораў палягае ў жаданьні зьнішчыць на “Вольнай сцэне” створаны тут дух менавіта нацыянальнага тэатру.

Юрась Жыгамонт:

(Жыгамонт: ) “Быў тэатар такі Галубка. Было тры тэатры – БДТ-1, БДТ-2 і тэатар Галубка. З гэтых трох быў зьнішчаны толькі адзін – Галубка, таму што ён адзін быў цалкам беларускім. Міністэрства, вядома, гэта хоча зрабіць з намі”.

А вось як зьняты з пасады Валеры Мазынскі прагназуе разьвіцьцё падзеяў у выпадку, калі спадар Анісенка й пасьля сёньняшняга скандалу не адмовіцца быць мастацкім кіраўніком:

(Мазынскі: ) “Як Вы чулі, мы не зьбіраемся пакідаць тэатар. Нас мусяць расфармаваць, распусьціць. Мы будзем далей працаваць, мы будзем прыходзіць на работу, у нас ёсьць пляны свае, і калі міністэрства мусіць расфармаваць нас – значыць расфармаваць. Жыцьцё на гэтым не сканчаецца. Кожны з нас паасобку, а можа ўсе разам, будзем вырашаць свой лёс далей”.

Сказаў Валеры Мазынскі. Ён таксама не выключае, што пры гэтым трупа разам зь ім паспрабуе стварыць свой недзяржаўны тэатар.

Валянціна Аксак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org