RFE/RL |
Аўторак, 19 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Сямён Шарэцкі заклікаў АБСЭ перагледзець рэкамэндацыі Венскай канфэрэнцыі і адклікаць тэхнічную місію назіральнікаў з Беларусі. Сямён Шарэцкі ў сваёй заяве “Спыніць наступ дыктатуры” падрабязна пералічае прычыны, з-за якіх (цытата) “выбары ў так званую палату прадстаўнікоў ня могуць лічыцца легітымнымі з самага пачатку”: (Шарэцкі: ) “Па-першае, дадзеныя выбары прызначаныя грамадзянінам Лукашэнкам, тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў якога скончыўся 20 ліпеня 1999 году. Трохбаковыя перамовы па віне дыктатуры не пачаліся. Рэпрэсаваліся апазыцыйныя дзеячы, і гэта ў той час, калі адной з умоваў таксама прадугледжвалася спыненьне рэпрэсіяў супраць іншадумцаў”. Старшыня Вярхоўнага Савету выказаў удзячнасьць міжнародным арганізацыям за вялікую працу па падрыхтоўцы выбараў, але разам з тым адзначыў адсутнасьць прынцыповай ацэнкі становішча ў Беларусі з боку трэцяй тэхнічнай канфэрэнцыі АБСЭ, якая накіравала ў Менск (цытата) “тэхнічную місію з незразумелымі паўнамоцтвамі, на чым спэкулюе афіцыйная прапаганда…” (Шарэцкі: ) “Я зьвяртаюся да старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, кіраўніка рабочай групы АБСЭ па Беларусі спадара Адрыяна Севярына перагледзець згодна з пунктам 10-м заключэньне і рэкамэндацыі трэцяй тэхнічнай канфэрэнцыі АБСЭ ад 10 жніўня сёлета”. На пытаньне Радыё Свабода аб магчымай падтрымцы літоўскімі парлямэнтарамі гэтага дэмаршу Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі адзін з арганізатараў прэсавай канфэрэнцыі, кіраўнік дэпутацкай групы Сэйму Літвы па сувязях з Беларусьсю Саўлюс Печалюнас адказаў наступнае: “Мы такі зварот накіруем, абапіраючыся на ацэнкі Старшыні Вярхоўнага Саевту Беларусі і на аналіз венскіх рашэньняў канфэрэнцыі АБСЭ. Думаю, тэхнічна яшчэ дастаткова часу, каб прымусіць АБСЭ адумацца і адклікаць тэхнічных назіральнікаў”. Ёнас Лаўрынавічус, Вільня
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |