RFE/RL |
Аўторак, 19 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Як мы інфармавалі, у Швэцыі пад час кірмашу кнігі, які наведалі каля 120-ці тысячаў чалавек і на якім сваю прадукцыю і новыя тэхналёгіі прадстаўлялі 23 краіны, працавала беларуская экспазыцыя. Гэтая акцыя была падтрыманая швэдзкім урадам. На імпрэзу былі запрошаныя і выступілі там Вінцук Вячорка, Васіль Быкаў, Віктар Дашук ды іншыя прадстаўнікі Беларусі і Швэцыі, якія супрацоўнічаюць зь Беларусяй. Акцыя мела шырокі розгалас у Швэцыі, зь беларусамі сустрэўся прэм’ер-міністар Швэцыі Ёран Пэрсан, які заявіў, што Швэцыя шмат рабіла і будзе рабіць дзеля зьменаў у Беларусі, узгадаў пра маштабную акцыю Стоп-Лука, арганізаваную сацыял-дэмакратычнай партыяй Швэцыі, якую ачольвае прэм’ер. Празь некалькі месяцаў Швэцыя ачоліць Эўрапейскі Зьвяз. Вольга Караткевіч пагутарыла з адным зь лідэраў швэдзкіх сацыял-дэмакратаў, дэпутатам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Ўрбанам Алінам. Найперш я запыталася ў спадара Аліна, ці надалей швэдзкая пазыцыя адназначнай падтрымкі дэмакратычных сілаў у Беларусі застанецца нязьменнай… (Алін: ) “Я магу абсалютна заявіць, што гэта дакладная пазыцыя сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі. Я – намесьнік генэральнага сакратара партыі і мае абавязкі – міжнародныя дачыненьні сацыял-дэмакратычнай партыі. Мы моцна выступаем супраць Лукашэнкі. Мы лічым, што ён – дыктатар і ён разбурае краіну. Тое, што нам патрэбна – дэмакратычны парлямэнт і дэмакратычны прэзыдэнт у Беларусі. Мы будзем працягваць змагацца за гэта. Нават у будучыні”. Гэта быў адзін зь лідэраў швэдзкай кіруючай партыі сацыял-дэмакратаў Урбан Алін. Калі гаварыць пра ціск міжнароднай супольнасьці на Расею, ад якой таксама залежыць дэмакратызацыя Беларусі, дык часьцей фігуруюць Злучаныя Штаты Амэрыкі. Амэрыканскія палітыкі адкрыта заяўляюць, што беларускае пытаньне ўздымаецца пад час кантактаў з расейскім бокам. На мінулым тыдні, наведваючы беларускую экспазыцыю на Швэдзкім кірмашы кнігі ў Гётэборгу прэм”ер-міністар Швэцыі лідэр сацыял-дэмакратаў Ёран Пэрсан заявіў, што ад пытаньня дэмакратыі ў Беларусі залежыць стабільнасьць у Эўропе і паведаміў,што пад час сустрэчы 26 верасьня з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у абмеркаваньні працэсаў дэмакратызацыі цэнтральнай і ўсходняй Эўропы будзе гаварыць і пра сытуацыю ў Беларусі. Камэнтар Урбана Аліна… (Алін: ) “Гэта абсалютна патрэбна. Расея – дэмакратычная краіна. Працэсы дэмакратыі там няўстойлівыя, але дагэтуль яны прызнаюцца як дэмакратыя. Мушу сказаць, што калі б я быў расейскім палітыкам, я б адчуваў дыскамфорт, маючы такога суседа як Беларусь: дыктатура паблізу маёй краіны. Я думаю, што мы мусім гаварыць з дэмакратычнымі сіламі ў Расеі. Прасіць іх паспрыяць зьменам у Беларусі, каб у Расеі быў дэмакратычны сусед. Бо Расея, Швэцыя, Польшча ці краіны Балтыі – ніхто ня хоча суседзяў-дыктатараў”. Я паведаміла Ўрбану Аліну пра свае ўражаньні ад таго, як моцна швэды ўспрымаюць Беларусь як краіну суседнюю. І сапраўды заклапочаныя сытуацыяй у Беларусі. (Алін: ) “Абсалютна так. Так ёсьць і мы будзем хацець, каб Беларусь была блізкай нам. Мы хочам гандляваць, мы хочам, каб беларусы прыязджалі ў Швэцыю, каб гэта былі адукацыйныя візыты таксама. Мы хочам, каб швэды езьдзілі ў Беларусь у якасьці турыстаў, каб швэды аказвалі дапамогу Беларусі. Мы хочам наведваць Беларусь, каб бачыць вашую цудоўную прыроду. Мы хочам мець больш кантактаў паміж людзьмі”. Апошняе пытаньне Ўрбану Аліну я задала пра парлямэнцкія выбары ў Беларусі, якія маюць адбыцца 15 кастрычніка. У ліпені, выступаючы на Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Бухарэсьце Урбан Алін вельмі жорстка ацаніў сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і выказаў сумнеў што да магчымасьці дэмакратызаваць выбарчы працэс у цяперашніх рэаліях. Урбан Алін у выступленьнях перад эўрапейскай і швэдзкай аўдыторыямі катэгарычна заяўляе, што выбары 15 кастрычніка ня можна будзе лічыць свабоднымі і справядлівымі. Я пацікавілася, ці празрыстая, на ягоную думку, пазыцыя Эўропы і Швэцыі што да гэтай кампаніі, папрасіла пракамэнтаваць пастанову венскай тэхнічнай канфэрэцыі… (Алін: ) “Эўропа ня будзе назіраць за гэтымі выбарамі. Мы пасылаем толькі супрацоўнікаў тэхнічных групаў. Гэта азначае, што яны будуць глядзець: што і як адбываецца і чаму мы ня можам прызнаць гэтыя выбары. Гэта – не міжнароднае назіральніцтва гэтых выбараў. І гэтыя выбары ніколі ня будуць прызнаныя як свабодныя і дэмакратычныя. Гэта пэўна”. Я ўдакладніла ў Урбана Аліна, ці гэта азначае, што абраны парлямэнт ня будзе прызнаны эўрапейскай супольнасьцяй? (Алін: ) “Няма шанцу”. З намесьнікам генэральнага сакратара швэдзкай кіруючай сацыял-дэмакратычнай партыі, дэпутатам швэдзкага парлямэнту і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Урбанам Алінам гутарыла Вольга Караткевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |