RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 19 Верасьня 2000

Сёньня



Адміністрацыйная справа супраць дэпутата Паўла Знаўца спыненая (дэпутат быў затрыманы за ўдзел у акцыі памяці Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага). Між тым менская міліцыя працягвае паляваньне на іншых ўдзельнікаў акцыі. Зь сёньняшняе раніцы ў аблозе знаходзіцца кватэра лідэра АГП Анатоля Лябедзькі.

Адміністрацыйны судзьдзя Ленінскага раёну Менску Алена Церашкова спыніла справу супраць дэпутата Паўла Знаўца, пагадзіўшыся зь ягонымі доказамі, што акцыя, у якой ён удзельнічаў 16 верасьня, не была пікетам.

Вынесьці апраўдаўчы прысуд судзьдзю дапамаглі самі міліцыянты маёр Палуяновіч і сяржант Шашок, якія сьведчылі супраць дэпутата. У сваіх пісьмовых паказаньнях, што былі прыкладзеныя да пратаколу, міліцыянты сьцьвярджалі, быццам пікет прысьвячаўся “бязьдзеяньню ўладаў у пошуках Ганчара й Красоўскага”.

Магчыма, апазыцыянэры сапраўды менавіта гэта мелі на ўвазе, але міліцыянты ніяк ня здолелі пераканаць судзьдзю, што ўдзельнікі акцыі хоць неяк выказвалі пратэст супраць “бязьдзеяньня”. Яны не выкрыквалі аніякіх лёзунгаў, не чапляліся з тлумачэньнямі да мінакоў, у чым судзьдзя магла пераканацца, прагледзіўшы відэастужку падзеяў. У выніку й было прынятае рашэньне пра спыненьне адміністрацыйнага перасьледу дэпутата Знаўца.

Ён аднак лічыць, што прычына ня толькі ў аб’ектыўнасьці судзьдзі Церашковай.

(Знавец: ) “Я думаю галоўнае, гэта тое, што паступіў загад па справе зьніклых дзеячоў апазыцыі не асуджаць, пакуль ідуць выбары. І, можа, гэта галоўны чыньнік таго, што такі прысуд”.

Між тым як раз у той час, калі ў Ленінскім судзе апраўдвалі Знаўца, міліцыя працягвала паляваньне на іншых удзельнікаў акцыі памяці Ганчара й Красоўскага. Стала вядома, што ў сапраўднай аблозе апынулася кватэра лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Жонка Лябедзькі Сьвятлана паведаміла радыё Свабода, што міліцыянты зьявіліся на іх кватэрнай пляцоўцы яшчэ а сёмай гадзіне ўранку і з таго часу дзяжураць пад дзьвярыма:

( Сьвятлана Лябедзька: ) “Стаяць двое, адзін у цывільным, другі ў міліцэйскай форме. Чакаюць. Яны спрабуюць даручыць Анатолю позву. Каб ён зьявіўся ў Ленінскі РАЎС, бо было парушэньне, быў пікет. Я спрабавала патлумачыць, што гэта быў не пікет, а проста напамінак уладам пра тое, што ў нас здараецца з палітыкамі”.

Паводле Сьвятланы, гэта ўжо ня першая аблога іхнае кватэры. У мінулым годзе дзяжурылі некалькі дзён і вельмі забрудзілі пляцоўку недапалкамі. На пытаньне, ці не сапсавала гэта адносінаў сям’і Лябедзькаў з суседзямі, Сьвятлана адказала, што не, і прывяла такі прыклад — аднойчы ўчастковы міліцыянт паспрабаваў дамовіцца з суседам, каб той паведамляў пра Анатоля неабходную інфармацыю, але сусед не згадзіўся.

Я запытаўся, ці не адчувае Сьвятлана ціску на сваёй працы ў школе. Вядома ж, што настаўнікі даволі кансэрватыўныя людзі й ня ўсім пэўна ж падабаецца палітычная дзейнасьць яе мужа… Жонка Лябедзькі на гэта адказала:

( Сьвятлана Лябедзька: ) “Не, гэтага я не адчуваю. Хто адкрыта, хто поцішкам, але спачуваюць”.

У Лябедзькаў ёсьць 15-гадовы сын Арцём, які, паводле словаў маці, падзяляе палітычныя погляды бацькоў. Ці не замінае гэта яму ў жыцьці, спытаў я ў Сьвятланы…

На час майго выхаду ў эфір аблога кватэры Анатоля Лябедзькі яшчэ не была зьнятая, міліцыя працягвала паляваць і за астатнімі ўдзельнікамі акцыі — Людмілай Гразновай, Людмілай Бажок, Цімохам Дранчуком ды іншымі.

Алег Грузьдзіловіч, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org