RFE/RL |
Панядзелак, 18 Верасьня 2000 |
Сёньня |
19–20 верасьня Цэнтарвыбаркам будзе разглядаць скаргі грамадзянаў, незарэгістраваных дэпутатамі ў «Палату прадстаўнікоў». Такіх скаргаў набралася ажно паўтары сотні. Аднак сярод іх ня будзе скаргі ад экс-прэм'ера Міхала Чыгіра. У гэты панядзелак ён быў нарэшце зарэгістраваны 102-й выбарчай камісіяй, што ў Менску. Як паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, акруговымі выбарчымі камісіямі зарэгістраваны 551 кандыдат у дэпутаты гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў». Адмоўлена 217-ці кандыдатам. Сярод зарэгістраваных 86-ці прадстаўнікоў ЛДПБ, 68 — Партыі камуністаў Беларускай, якой кіруе апазыцыянэр Калякін, 38 камуністаў-чыкінцаў, а таксама 38 былых сяброў «Палаты прадстаўнікоў». Лідзія Ярмошына прызнала, што вынікі рэгістрацыі ў першую чаргу яна паведаміла Аляксандру Лукашэнку на нефармальнай сустрэчы зь ім у мінулую суботу. Але паводле яе словаў гэта ня значыць, што апошні ўплывае на кампанію. Лідзія Ярмошына лічыць ЦВК «незалежным органам». Тым ня менш Лукашэнка адмыслова цікавіўся, чаму ж адмаўлялі некаторым «знакавым фігурам». Падводзячы вынік рэгістрацыі, можна назваць толькі некалькі зарэгістраваных кандыдатамі апазыцыйна настроеных палітыкаў: Вольга Абрамава, Мікола Статкевіч, Аляксандар Фядута ды Міхал Чыгір. Бальшыня апазыцыянэраў, што рашылі не байкатаваць гэтыя выбары, а ўзяць у іх удзел, не пераадолелі працэдуру рэгістрацыі. Сярод іх Ярмошына назвала Валерыя Шчукіна, Уладзімера Ганчарыка, Аляксандра Бухвостава, Генадзя Грушавога, Гары Паганяйлу ды іншых. Паводле словаў Ярмошынай, усе яны былі «непісьменнымі» ў афармленьні падпісных аркушоў, дэклярацыяў ды іншых дакумэнтаў. Гаворыць Лідзія Ярмошына: (Ярмошына: ) “Мы зьбіраем парлямэнт, а не набіраем кляс двоечнікаў. Гэта ня цэнтар занятасьці. Барацьба жорсткая. Ня змог, не падрыхтаваўся – ну ведаеш, гэта твае праблемы. Ніхто на сподачку з блакітнай каёмачкай уладу не прыносіць”. — сказала Лідзія Ярмошына. Тым ня менш яна прызнала, што да пэўных гэтак званых знакавых асобаў выбарчыя камісіі паставіліся надзвычай лібэральна, зарэгістраваўшы іх, нягледзячы на парушэньні. Гаворыць Лідзія Ярмошына: (Ярмошына: ) “Нашыя акруговыя камісіі знаходзіліся пад гэтак пільнай увагай грамадзкасьці, што праяўлялі максымальную ляяльнасьць, каб давесьці, што яны настолькі незаангажаваныя, што мы так імкнемся да таго, каб згаданыя постаці, якія ў нас лічацца знакавымі, удзельнічалі ў выбарах, што ў пэўных выпадках закрывалі вочы на тыя ці іншыя недахопы”. Відавочна, што гэтае выказваньне старшыні Цэнтарвыбаркаму датычылася лідэра “Народнае Грамады” Міколы Статкевіча ды экс-прэм’ера Міхала Чыгіра. Апошні быў зарэгістраваны толькі сёньня апоўдні, пра што сам ён яшчэ ня ведаў. Ярмошына прызнала такія падвойныя стандарты законнымі, заявіўшы, што Выбарчы кодэкс дастаткова гнуткі, і таму пры пэўных парушэньнях выбарчыя камісіі могуць адмаўляць у рэгістрацыі, а могуць і не адмаўляць… Паводле словаў Ярмошынай, у Міхала Чыгіра і ягонае жонкі Юліі Чыгір былі прыблізна аднолькавыя парушэньні й памылкі ў афармленьні падпісных аркушоў ды іншых дакумэнтаў, але экс-прэм'ера зарэгістравалі, а ягонай жонцы — адмовілі. Гэта, відаць, і ёсьць вынік «гнуткасьці» закону. Дарэчы прыгадаць яшчэ адзін прыклад гнуткасьці заканадаўства, які прывяла Ярмошына: у Выбарчым кодэксе адказнасьць за заклікі да байкатаваньня выбараў зьнятая, затое артыкул 167–3 Адміністрацыйнага кодэксу дзейнічае і, паводле прызнаньня Ярмошынай, можа быць ужыты ў дачыненьні да тых, хто заклікае не хадзіць на гэтыя выбары. Валер Каліноўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |