RFE/RL |
Панядзелак, 18 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Прэзыдэнт Пэру Альбэрта Фухіморы нечакана заявіў што ў хуткім часе ў краіне будуць абвешчаныя датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары. Фухіморы зрабіў гэтую заяву пасьля таго, як па пэруанскім тэлебачаньні была прадэманстраваная відэастужка, на якой шэф нацыянальнай службы бясьпекі Пэру перадае хабар сябру парлямэнта ад апазыцыі. У чацьвер увечары па тэлебачаньні пэруанцы пабачылі запіс, на якім бліжэйшы дарадчык прэзыдэнта і шэф нацыянальнай службы бясьпекі Ўладзіміра Мантэнсінас перадае хабар сябру парлямэнту ад апазыцыі Луізу Альбэрта Каоры. Як паведамляецца, памер хабару – 15 тысячаў даляраў. Запс быў зроблены напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Пэру ў траўні бягучага году. Якраз тады шэраг апазыцыйных парлямэнтароў, у тым ліку і Луіз Альбэрта Каоры, нечакана перайшлі на бок прэзыдэнта Фухіморы, што ў пэўнай ступені паспрыяла ягонай перамозе ў часе выбараў. Апазыцыя на чале з Алехандра Таледа, які быў супернікам Альбэрта Фухіморы на травеньскіх выбарах, адмовілася прызнаць вынікі галасаваньня сапраўднымі, бо, на думку апазыцыі, прэзыдэнцкія службы падтасавалі іхныя вынікі, а таксама напярэдадні праводзілі палітыку рэпрэсіяў супраць апазыцыйна настроенай часткі грамадзства, палохалі і падкуплялі апазыцыйных парлямэнтароў. І вось цяпер, гэтым фактам знайшлося сур’знае дакумэнтальнае пацьцверджаньне. На наступны дзень пасьля паказу відэастужкі тысячы маніфэстантаў выйшлі на вуліцы пэруанскай сталіцы Лімы, патрабуючы ад прэзыдэнта неадкладнай адстаўкі. У выніку ў суботу прэзыдэнт Фухіморы аб’явіў, што ў хуткім часе абвесьціць новыя прэзыдэнцкія выбары, у якіх ён сам ня будзе браць удзел. Пасьля гэтай заявы па ўсёй краіне распачаліся масавыя гуляньні. Аднак галоўны апазыцыйны лідар Алехандра Таледа, які на наступны дзень пасьля заявы прэзыдэнта вярнуўся ў Пэру, заявіў, што Фухіморы павінен сысьці неадкладна. Спадар Таледа сказаў, што у Пэру неабходна тэрмінова сфармаваць часовы ўрад народнай згоды. “Мяне вельмі хвалюе, што Фухіморы не назваў канкрэтнай даты свайго сыходу, а таксама даты маючых адбыцца выбараў”, – адзначыў апазыцыйны лідэр Алехандра Таледа. Ягоную занепакоенасьць падзяляе і былы генэральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Гаўер Пэрас Дэ Куэльяр, які сказаў (цытую): “Пакуль Фухіморы канчаткова ня сыйдзе, ня можа быць гарантыяў, што ўсё не застанецца як раней, і што ў краіне ізноў усталюецца дэмакратыя”. Альбэрта Фухіморы, японец паводле паходжаньня і інжынэр сельскай гаспадаркі паводле адукацыі, стаў вядомы пэруанцам ўсяго за некалькі тыдняў да выбараў 1990 году і нечакана перамог. Адразу па выбарах ён пачаў ажыцьцяўляць праграму грунтоўных эканамічных рэформаў, скіраваных на фармаваньне ў краіне вольнага рынку. У выніку ўрад Фухіморы здолеў спыніць гіперінфляцыю ды пабудаваць асновы дзеля трывалага эканамічнага росту ў другой палове 90-х. Але ўжо ў 1992 годе Фухіморы з дапамогай арміі распусьціў парлямэнт, Канстытуцыйны суд і ўсталяваў дыктатуру. Праз тры гады пад націскам міжнароднай супольнасьці, Альбэрта Фухіморы ізноў склікаў парлямэнт, а таксама аднавіў дзеяньне Канстытуцыі, якую на ягоны загад перапісалі. Гэта дапамагло яму выйграць выбары ў 95-м. Сёлета найбольшыя пратэсты выклікала заява Фухіморы аб намеры балятавацца
на прэзыдэнцкіх выбарах на трэці тэрмін. Паводле апазыцыі, гэта незаконна,
бо Канстытуцыя 95-га году дазваляе адной асобе быць прэзыдэнтам толькі
два тэрміны. Аднак Фухіморы заявіў, што паводле новай Канстытуцыі ён балятуецца
толькі другі раз, і першыя 5 гадоў тут ня ўлічваюцца, бо тады ён абіраўся
паводле папярэдняй канстытуцыі.
Цяпер ў сталіцы Пэру працягваюцца шматтысячныя маніфэстацыі. Пэруанцы патрабуюць ад Альбэрта Фухіморы, які кіраваў краінай 10 гадоў, тэрмінова сысьці з пасады і прызначыць дату прэзыдэнцкіх выбараў. Аляксей Дзікавіцкі, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |