RFE/RL |
Панядзелак, 18 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Багдад самалётам Аэрафлёту прыбыла дэлегацыя 11 расейскіх нафтавых бізнэсмэнаў. Расея ў аднабаковым парадку выходіць з рэжыму санкцыяў ААН супраць Іраку. У той жа час Багдад ізноў пагражае Кувэйту. Дэлегацыя расейскіх бізнэсмэнаў сёньня і заўтра будзе праводзіць перамовы ў міністэрстве нафты Іраку наконт будучага ўдзелу Расеі ў здабычы ірацкай нафты. Санкцыі ААН, уведзеныя ў 1990 годзе пасьля нападу Іраку на Кувэйт, дазваляюць толькі гуманітарныя авіярэйсы ў Багдад. Газэта Gardian у сваім сёньняшнім нумары нагадвае, што на мінулым тыдні Масква абвесьціла пра намер распачаць з наступнага месяца пасажырскія рэйсы ў Ірак. Дзяржсакратар ЗША Олбрайт заявіла, што рашэньне аднавіць палёты самалётаў Аэрафлёту ў Багдад “ня ёсьць добрая ідэя”. ЗША і Вялікая Брытанія лічаць, што любыя, апроч гуманітарных, авіярэйсы ў Ірак ёсьць парушэньне міжнародных санкцыяў. Гэтага ж пункту гледжаньня прытрымліваецца і камітэт ААН па санкцыях. Аднак паводле меркаваньняў Масквы і Парыжу, у рашэньні ААН пра санкцыі яўна не гаворыцца пра забарону пасажырскіх авіярэйсаў. Gardian паведамляе, што ўчора пра намер аднавіць авіясувязь з Багдадам абвесьціла Іярданія. Праўда, іярданскі міністр гандлю Азар падкрэсьліў, што Іярданія будзе каардынаваць свае рашэньні ў гэтым накірунку з міжнароднай супольнасьцю. Як паведамляюць інфармацыйныя агенцыі, самалёт Аэрафлёту, які сёньня прыляцеў у Багдад, даставіў гуманітарны груз – 5 тонаў лекаў. Але кіраўнік дэлегацыі, прэзыдэнт карпарацыі “Стройтрансгаз” Бэкер ня стаў працягваць юрыдычную спрэчку паміж Масквою і Вашынгтонам і даводзіць, што рэйс мае гуманітарны характар. Ён публічна заявіў, што сёньняшні рэйс самалёту Аэрафлёту азначае, што Расея выходзіць з рэжыму міжнародных санкцыяў на авіяпалёты ў Ірак. Масква ужо даўно заяўляе пра неабходнасьць цалкам адмяніць міжнародныя эканамічныя санкцыі супраць Іраку. Гэтая настойлівасць тлумачыцца як эканамічнымі, гэтак і палітычнымі чыньнікамі. Яшчэ з савецкіх часоў Багдад вінаваты Маскве 7 мільярдаў даляраў, і скасаваньне санкцыяў – шлях да таго, каб гэты доўг быў вернуты. З другога боку падаецца, што ўмацаваньне сувязяў з былымі кліентамі СССР – міжнароднымі ізгоямі кшталту Паўночнай Карэі, Кубы і Іраку – паступова робіцца неад’емнаю часткаю зьнешняй палітыкі Расеі. Пакуль Масква не аднавіла гандаль з Іракам, але аднабаковая адмена забароны
на пасажырскія авіярэйсы – рашэньне вельмі паказальнае.
Урад Кувэйту выступіў з адмысловаю заяваю, у якой заклікаў міжнародную супольнасьць зрабіць сур’ёзныя крокі, каб спыніць пагрозу, што зыходзіць з Багдаду. Кувэйцкія афіцыйныя асобы нагадваюць, што літаральна такія ж абвінавачаньні 10 год таму папярэднічалі ўварваньню ірацкіх войскаў у Кувэйт. Адчуваньне пагрозы ўзмацняецца нядаўнім рашэньнем Садама Гусэйна праводзіць бесперапынныя ваеныя вучэньні. Раней ірацкае войска праводзіла вучэньні толькі летам і пад час крызысаў. Газэта Gardian цытуе словы міністра абароны ЗША Коэна, які заявіў: “Мы ясна далі зразумець Садаму Гусэйну, што ён павінен спыніць пагрозы сваім суседзям і свайму народу, як гэта ён рабіў у мінулым”. Амэрыканскія і брытанскія ўзброеныя сілы, што дыслякаваныя ў краінах, памежных з Іракам, прыведзеныя ў стан падвышанай баявой гатоўнасьці. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |