RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 15 Верасьня 2000

Сёньня:



Афіцыйныя ўлады анансуюць прыезд на выбары 15 кастрычніка міжнародных назіральнікаў аж з 15 краінаў Эўропы, у тым ліку Бэльгіі, Баўгарыі ды Чэхіі. Старшыня міжнароднае камісіі “Савету Рэспублікі” Мікола Чаргінец, які пра гэта сёньня паведаміў, асабліва падкрэсьліў, што гэта будуць менавіта парлямэнтары эўрапейскіх дзяржаваў.

Кіраўнік камісіі ў міжнародных справах верхняе палаты “Нацыянальнага сходу” Мікола Чаргінец абвесьціў на прэсавай канфэрэнцыі пра вялікую цікаўнасьць эўрапейскіх парлямэнтаў да выбараў.

(Чаргінец: ) “Пачынаючы з Турцыі, жадаюць парлямэнтары прыехаць. Я не чапаю краіны СНД, гэта само сабою маецца на ўвазе, яны, вядома, захочуць наведаць гэтыя выбары. З Захаду — я ўжо дакладна памятаю — выказалі такое жаданьне прадстаўнікі парлямэнтаў Чэхіі, Баўгарыі, Бэльгіі, Югаславіі. З поўначы едуць да нас прадстаўнікі Латвіі, Летувы, з усходу — можна здагадацца, хто прыедзе”.

Але спадар Чаргінец адмовіўся назваць хоць бы якія прозьвішчы або паведаміць, на якім узроўні будуць прадстаўляць свае парлямэнты гэтыя дэпутаты. Кіраўнік кампартыі Беларусі й дзяржаўнае тэлерадыёкампаніі Віктар Чыкін ужо абяцаў, што на выбары прыедуць у якасьці назіральнікаў камуністы з краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Мажліва, якраз іх мае на ўвазе спадар Чаргінец, запытаў я яго…

(Чаргінец: ) “Хто яны — левыя, правыя, сярэднія, ніжнія, верхнія… — гэта іхная справа. Хто хоча, няхай едзе да нас. Нашыя дзьверы для нашых гасьцей расчыненыя ў нашай краіне. Мы кажам: сардэчна запрашаем! А хто прыедзе — пазнаёмімся тут”.

Мікола Чаргінец распавёў, што нічога ня ведае пра тэхнічных экспэртаў міжнародных эўрапейскіх арганізацыяў, якіх накіравалі ў Менск, нават ня ведае, што яны ўжо прыехалі. Але старшыня міжнароднае камісіі “Савету Рэспублікі” адзначыў, што іхны статус не абмежаваны — што захочуць, тое паглядзяць. Да таго ж, паводле словаў Міколы Чаргінца, “той, хто кажа, што мы маем закон самы дасканалы, — той хлусіць”.

Журналісты, прысутныя на прэсавай канфэрэнцыі, адразу запыталі спадара Чаргінца, як ён ставіцца да такіх парушэньняў, як публікацыя ў сёньняшнім нумары “Советской Белорусии” (што нібыта закрытая для ўсіх кандыдатаў) непрыхаванай агітацыі з партрэтамі за цяперашніх дэпутатаў “Палаты прадстаўнікоў” Уладзімера Ягорава ды Леаніда Сечкі. Мікола Чаргінец адказаў, што гэты нумар газэты яшчэ ня бачыў, але ўсё ж паўшчуваў “Советскую Белоруссию”:

(Чаргінец: ) “Сапраўды, тут трэба газэтчыкам вельмі ўважліва ставіцца да гэтага пытаньня. Сказана ж пра гэта дакладна: хто што можа друкаваць і як, дзеля таго, каб стварыць роўныя ўмовы для кандыдатаў”.

Мікола Чаргінец таксама пааябяцаў вывучыць сытуацыю з канфіскаваным нумарам газэты “Рабочы”.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org