RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 15 Верасьня 2000

Сёньня



(эфір 14 верасьня)
У Баранавіцкім гарвыканкаме днямі зьявіўся даволі цікавы дакумэнт пад інтрыгуючай назвай “Аб увядзеньні ў дзеяньне нормаў этыкету і паводзінаў для работнікаў баранавіцкага гарвыканкаму”.

Згодна з новым цыркулярам, гарвыканкамаўскім чыноўнікам рэкамэндуецца падчас прыёму наведвальнікаў прыветліва ўсьміхацца, падтрымліваць кантакт вачыма, вітацца, па-магчымасьці, першым. З дапамогай фразаў накшталт “Што б Вы хацелі” альбо “Чым я магу Вам дапамагчы” чыноўнік павінен дэманстраваць добразычлівы настрой і гатоўнасьць да размовы, прыняць наведвальніка так, каб той абавяжкова сказаў “Дзякуй”. А на гэты дзякуй трэба адказаць “Калі ласка”, ці “Няма за што”.

Цыркуляр вучыць, што супрацоўнік не павінен разьвітвацца з наведвальнікам першым, аднак, калі той зыходзіць не разьвітаўшыся, то абавязкова яму ўсьлед трэба сказаць “Усяго вам добрага”.

Што ж датычыць зьнешняга выгляду чыноўніка, дык і на гэты конт ёсьць інструкцыі: ня варта трымаць рукі каля твару, падпёршы імі галаву, валасы заўсёды павінны быць чыстымі, і, ўвогуле, ўвесь зьнешні выгляд супрацоўнікаў, на думку распрацоўшчыкаў гэтага дакумэнту, павінен падтрымліваць імідж гарвыканкаму як сур’ёзнай, надзейнай і стабільнай дзяржаўнай структуры.

Алесь Горбач, Баранавічы


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org