RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 15 Верасьня 2000

Сёньня:



Амаль 70 адсоткаў з апытаных сацыялягічнай лябараторыяй “Новак” жыхароў Беларусі ўпэўненыя, што пры падліку галасоў на выбарах у “Палату прадстаўнікоў” будуць дапушчаныя факты махлярства. Гэтую лічбу прывёў сёньня на прэзэнтацыі маніторынгу грамадзкае думкі кіраўнік лябараторыі Андрэй Вардамацкі.

Больш як 31 адсотак апытаных лічыць, што пры падліку галасоў будуць факты ня проста махлярства, а махлярства значнага, буйнога. Яшчэ 37,4 адсоткі упэўненыя, што без ашуканства не абыйдзецца, хаця й ня вельмі значанага. Калі ўлічыць, што амаль пятая частка рэспандэнтаў ня вызначыліся з адказам, дык бачна, што абсалютная бальшыня апытаных упэўненая, што вынікі выбараў у “Палату прадстаўнікоў” будуць сфальшаваныя.

На жаль, у кіраўніка сацыялягічнае лябараторыі няма адпаведных лічбаў пяцігадовае даўніны, калі абіралі дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Але спадар Вардамацкі сказаў, што тады, неўзабаве пасьля абраньня парлямэнту, больш як 38 адсоткаў рэспандэнтаў лічылі, што без ашуканства пры падліку галасоў і ў той час не абыйшлося.

Недавер да афіцыйных уладаў яскрава бачны й пры адказе на пытаньне “хто можа не дапусьціць патэнцыйнае пагрозы фальшаваньня й махлярства ў часе выбараў у “Нацыянальны сход”?”. На першым месцы зь вялікім адрывам ідуць міжнародныя назіральнікі. Менавіта на іх, а не на іхных беларускіх калегаў ускладаюць свае надзеі ўдзельнікі апытаньня. На другім месцы — унутраныя беларускія назіральнікі, на трэцім — назіральнікі ад апазыцыі.

І яшчэ некалькі цікавых лічбаў — толькі палова апытаных лічыць, што палітычныя партыі павінны ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах нават пры пагрозе фальшаваньня іхных вынікаў. Пятая частка рэспандэнтаў упэўненая, што ў такіх умовах выбары трэба байкатаваць. Астатнія пакуль ня вызначыліся.

Уладзімер Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org