RFE/RL |
Пятніца, 15 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Сёньня ў Сыднэі адбылося ўрачыстае адкрыцьцё ХХVII Алімпійскіх гульняў. Перадае наш карэспандэнт у Аўстраліі Вячаслаў Елькановіч. Уршце скончылася падарожжа алімпійскае паходні па Аўстраліі. Сёньня яна запаліла галоўны алімпійскі вагонь на галоўным стадыёне алімпійскага парку ў Гомбушы. Урачыстым маршам 100 200 спартоўцаў з 200 краінаў сьвету скончыліся гады плянаваньня і падрыхтоўкі да гульняў. З таго дня, як прэзыдэнт Міжнароднага Алімпійскага камітэту Хуан Антоніё Самаранч абвесьціў аб месцы правядзеньня 27-й Алімпіяды, прайшло 7 год. І вось сёньня генэрал-губэрнатар Аўстраліі сэр Уільям Дзін абвесьціў аб адкрыцьці сыднэйскіх Алімпійскіх гульняў. Хоць гэтыя гульні і лічацца 27-мі, але сапраўды гэта 24-я Алімпіяда,
бо праз сусьветныя войны гульні ў 1916, 1940 і 1944 гадох не праводзіліся.
(Бёрч: ) “Уся пастаноўка – гэта гісторыя Аўстраліі, якая мае пачатак, сярэдзіну і канец. Мы пачалі старажытнай Аўстраліяй і скончылі Аўстраліяй сучаснай. Усім гэтым спэктаклем мы хацелі паказаць, што аўстралійцы вельмі добра ставяцца да сваёй краіны”. У гэтыя выходныя, у сыботу і нядзелю, пачнуцца спаборніцтвы па 26 з 28 алімпійскіх відаў спорту. Лёгкаатлеты пачнуць выступы толькі праз тыдзень. Першы залаты мэдаль будзе разыграны ўжо заўтра ў жаночым трыятлёне, і многія камэнтатары лічаць, што яго атрымае аўстралійская атлетка Мішэль Сьміт. Таксама ў нядзелю і сыботу будуць разыграныя мэдалі ў фэхтаваньні, плаваньні, у тым ліку, у мужчынскай і жаночай эстафэце вольным стылем, у дзюдо, стральбе, мужчынскім трыятлёне і некторых роварных катэгорыях. Вельмі цікавымі чакаюцца спаборніцтвы тэнісыстаў, дзе ўжо ў першым крузе сустрэнуцца паміж сабой аўстралійцы Лейтан Сьюіт і беларус Максім Мірны, якія абодва, выступаючы ў пары, перамаглі ў прэстыжным адкрытым чэмпіянаце ЗША ўсяго тыдзень таму. На жаль, праз ужываньне забароненых допінгаў ня ўсе спартсмэны змогуць узяць удзел у Алімпіядзе. Колькасьць недапушчаных спартсмэнаў, і зь якіх яны краінаў стане вядомая толькі ў наступныя два дні. Незалежнае сусьветнае антыдопінгавая агенцтва за апошнія тры месяцы правяла тэставаньне 2040 атлетаў з 80-ці краінаў сьвету. У выніку плыўцу з Казахстану, лёгкаатлету з Баўгарыі і цяжкаатлету з Тайваню скасаваная алімпійская ліцэнзія, а алімпійская дэлегацыя з Румыніі сама адклікала свайго цяжкаатлета. Менш за ўсіх пашанцавала Сяргею Вайнову, трэнэру з Узбэкістану, у якога на мытні ў Сыднэі было канфіскавана 15 ампулаў гармону чалавечага росту – у наступны аўторак ён стане перад судом Сыднэя. Яму пагражае штраф у 100000 аўстралійскіх даляраў. Між тым кубінскія ўлады заклікалі сваіх спартсмэнаў не прасіць у Аўстраліі палітычнага прытулку пасьля заканчэньня Алімпіяды. За апошняе дзесяцігодзьдзе пад час розных міжнародных спаборніцтваў палітычнага прытулку папрасілі 54 вядучых кубінскіх спартоўцы. Вячаслаў Елькановіч, Сыднэй
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |