RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 14 Верасьня 2000

Сёньня:



На наступным тыдні пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч пакіне радзіму й два гады будзе жыць спачатку ў Італіі, а потым — у Францыі. Учора адбылася апошняя сустрэча пісьменьніцы з грамадзкасьцю Беларусі. Пад час яе адбылася прэзэнтацыя беларускага выданьня “Чарнобыльскае малітвы”. Такім чынам, Беларусь стала сямнаццатай краінаю сьвету, дзе надрукаваная “Чарнобыльская малітва”.

Праз тыдзень Сьвятлана Алексіевіч пакіне Беларусь. Яна едзе на запрашэньне й на стыпэндыю эўрапарлямэнцкай пісьменьніцкай арганізацыі. Прыблізна год Сьвятлана Алексіевіч будзе жыць у Італіі (у Флярэнцыі), а потым яшчэ год — у Францыі.

Ейная апошняя сустрэча з грамадзкасьцю адбылася ў рамках міжнароднае канфэрэнцыі “Разбуранае XX стагодзьдзе: Хроніка будучыні”, якую ладзіў міжнародны жаночы фонд імя Сьвятой Эўфрасіньні Полацкае. Пад час вечарыны адбылася прэзэнтацыя беларускага выданьня “Чарнобыльскае малітвы”.

Упершыню гэтая кніга выдадзеная на беларускай мове. “Чарнобыльская малітва” надрукаваная на сродкі Прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Беларусі, а таксама пры ўдзеле літаратурна-мастацкага фонду “Гронка”. Кніга мае невялікі наклад, усяго 1500 асобнікаў, частка зь іх будзе бясплатна перададзеная беларускім бібліятэкам.

Пад час вечарыны Сьвятлана Алексіевіч распавяла нашаму радыё пра тое, што плянуе ў Італіі скончыць працу над сваёй кнігаю пра каханьне “Дзіўны алень вечных ловаў”: “Я не перапыняю сувязі з радзімаю, буду сюды прыяжджаць, таму што доўга без сваёй краіны жыць не магу”, — зазначыла Сьвятлана Алексіевіч.

На думку пісьменьніцы, у Беларусі надыйшоў час пакідаць барыкады, бо гэта ўсё адбітак пэўнае “культуры вайны”. “Я не кажу, што трэба даць гэтай правінцыйнай дыктатуры рабіць з намі ўсё, што заўгодна, — лічыць Алексіевіч, — але ўвесь час заставацца на барыкадах нельга”. На ейную думку, зараз для Беларусі галоўная праблема — гэта праблема апазыцыі, праблема эліты.

Надоечы Алексіевіч вярнулася з Токіо, дзе зь яе удзелам японскай тэлекампаніяй NHK была зьнятая мастацка-дакумэнтальная стужка “Маленькі чалавек і вялікая ўтопія”. Гэта 75-хвілінны фільм пра пісьменьніцу і герояў ейных твораў. “Мы выбралі па 2-3 героі з кожнай маёй кнігі, праехалі па ўсёй былой краіне-ўтопіі, здымалі ў Беларусі, Украіне, Расеі”, — распавяла Сьвятлана Алексіевіч. Гэтая стужка хутка будзе дэманстравацца на японскай тэлевізіі. Што тычыцца Беларусі, дык Сьвятлана Алексіевіч цяпер і не спадзяецца, што фільм “Маленькі чалавек і вялікая ўтопія” ў блізкім часе можа быць паказаны на радзіме.

Ганна Соусь, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org