RFE/RL |
Чацьвер, 14 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі маюць намер стварыць адзіны дэмакратычны рух дзеля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах будучага году. Плянуецца, што ў гэты рух ўвойдзе шэраг апазыцыйных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і прафсаюзаў. Рашэньне наконт распрацоўкі праекту кансалідацыі апазыцыі з мэтаю стварэньня шырокага руху было прынята сёньня на паседжаньні Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў. На думку апазыцыянэраў, аб’яднаўшыся, ім будзе лягчэй выпрацаваць адзіную стратэгію й тактыку дзеяньняў у часе прэзыдэнцкае выбарчае кампаніі, а таксама вылучыць адзінага кандыдата ў прэзыдэнты. Гаворыць лідэр Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька: (Лябедзька: ) “Нашая мэта – каб як мага больш суб’ектаў далучылася да выбарчай праграмы. Будзе выпрацаваная нейкая супольная праграма, канцэпцыя, прынцыпы, і тыя структуры і арганізацыі, якія іх падзяляюць, падпішуць гэты дакумэнт. А на пэрспэктыву думаю, што ўсё ж Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў застанецца штабам для вырашэньня канкрэтных практычных пытаньняў. Мы павінны гэтыя пытаньні закрыць увосень бягучага году – стварыць першыя крокі ў стварэньні новага руху і выпрацаваць працэдуру нашага супольнай праграмы падчас прэзыдэнцкіх выбараў і працэдуру выхаду на адзінага кандыдата. Стратэгічная мэта – перамога на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах, і я лічу, што ў нас для гэтага ёсьць добрыя перадумовы”. Паведаміў спадар Лябедзька. Прадстаўнікі Каардынацыйнае рады пагадзіліся з тым, што стварэньне такога руху насьпела. Не было асаблівых пярэчаньняў нават у лідэра Сацыял-Дэмакратычнае “Народнае Грамады” Міколы Статкевіча, хаця, на думку спадара Статкевіча, ёсьць адна праблема, якую трэба абмеркаваць больш дэталёва. Кіраўнікі партыяў і абяднаньняў, што ўваходзяць ў раду, паведамяць пра прыняты праект стварэньня руху сябрам сваіх арганізацыяў, а на наступным паседжаньні будзе прыняты канчатковы дакумэнт. Праўда, сёньня ўжо было створана некалькі рабочых групаў, сябры якіх будуць рыхтаваць праект пагадненьня пра аб’яднаньне. Гарачыя спрэчкі разгарэліся сёньня й вакол прапановы Міколы Статкевіча не праводзіць акцыі байкоту выбараў у тых акругах, дзе балятуецца ён сам і ягоныя паплечнікі. Прадстаўнік Сацыял-Дэмакратычнае Грамады пад кіраўніцтвам Станіслава Шушкевіча спадар Алампіяў нават прапанаваў выключыць Статкевіча са складу Каардынацыйнай рады дэмсілаў. Але ўрэшце перамагла памяркоўная пазыцыя — прапанова Міколы Статкевіча прынятая не была, але й выключаць лідэра “Народнае Грамады” з шэрагаў аб’яднанай апазыцыі не наважыліся. Анатоль Лябедзька так патлумачыў прычыну таго, што правядзеньне выбарачнага байкоту немагчымае: (Лябедзька: ) “Патрэбная нейкая пасьлядоўнасьць дзеяньняў. Калі мы ў акрузе “А” людзям гаворым, што гэта фарс, падман, што няма рэальнага парлямэнту, што вас падманваюць, а побач у акрузе “Б” мы што, павінны гаварыць іншае людзям? Гэта называецца беспрынцыпнасьць”. Гэта быў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Сябры Каардынацыйнае рады таксама разгледзелі пытаньні, зьвязаныя з акцыяй байкоту й падрыхтоўкаю да правядзеньня ў Менску 1 кастрычніка “Маршу Свабоды”. Прадстаўнікі аб’яднанай апазыцыі вырашылі абнародваць усе факты перасьледу ўладамі грамадзянаў за ўдзел у кампаніі байкоту. Апазыцыянэры таксама зьбіраюцца накіраваць ліст старшыні тэлерадыёкампаніі Віктару Чыкіну, які ў часе нядаўніх г.зв. “дэбатаў” шкадаваў, што на тэлевізіі не прадстаўлены погляд дэмакратычнай апазыцыі. У гэтым лісьце апазыцыя прапануе Чыкіну выправіць гэтую памылку і даць ім эфір для тлумачэньня сваёй пазыцыі людзям. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |