RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 14 Верасьня 2000

Сёньня



Сакончылася рэгістрацыя кандытатаў у дэпутаты гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў». Большасьць паседжаньняў акруговых камісіяў рэгістрацыі кандыдатаў у «Палату прадстаўнікоў» была прызначаная чамусьці на апошні дзень — 14 верасьня. Самі кандыдаты ў бальшыні будуць ведаць пра вынікі толькі позна ўвечары сёньня або заўтра. Тым часам ужо цяпер стала вядома, што немалой частцы кандыдатаў ужо адмоўлена ў рэгістрацыі. Затое зусім нечакана кандыдатам быў зарэгістраваны лідэр СДП НГ Мікола Статкевіч.

У штаб-кватэры Сацыял-Дэмакратычнае партыі “Народная Грамада”, паведамілі, што з 16 партыйцаў, якія падалі дакумэнты на рэгістрацыю, толькі тры зарэгістраваныя, а 9-ці кандыдатам адмоўлена. Пра астатніх яшчэ інфармацыі няма.

У Менскай Каліноўскай выбарчай акрузе №107 сёньня ўвечары было паседжаньне, дзе разглядалася справа рэгістрацыі лідэра гэтае партыі. Так сталася, што з васьмі кандыдатаў спрэчкі выклікала толькі асоба Міколы Статкевіча. Дакладчык па ягоных дакумэнтах прывёў унушальныя лічбы памылак, у прыватнасьці, даты ў падпісных аркушох былі прастаўленыя не грамадзянамі, а зьбіральнікамі подпісаў.

Гэтых парушэньняў было столькі, што хапіла б, каб адмовіць у рэгістрацыі. Як гэта рабілі, дарэчы, у іншых акругах. Адмовіць у рэгістрацыі Статкевічу й прапанаваў сябра камісіі — дакладчык па дакумэнтах Статкевіча. Але раптам сакратарка выбарчае камісіі Марыя Бацян прапанавала пакінуць па-за ўвагаю гэтыя парушэньні, улічыць, што за Статкевіча падпісаліся грамадзяне ды зарэгістраваць яго, указаўшы на недакладнасьці. Толькі пяць сябраў камісіі былі супраць гэтага. Старшыня камісіі нават дакладна не палічыў, колькі ж прагаласавала за рэгістрацыю Статкевіча.

Сапраўдная сэнсацыя. Вось як яе пракамэнтаваў сам Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Я не чакаў, я меў іншую інфармацыю, і 5 дзён беларукае тэлебачаньне казала, што там нейкія праблемы ў Статкевіча. Мне здаецца, што тое, што тут адбываецца, яно ў нейкай ступені, як кажуць, заплянавана. Я думаю, што ўлада ў нейкай ступені наўмысна прымае гэтае рашэньне, выпускаючы мяне на выбары і адсякаючы маіх таварышаў. Усе 9 ці колькі там яшчэ будзе асобаў кандыдатаў сацыял-дэмакратаў адрынутыя, – яны ўсе зьвернуцца ў Цэнтрвыбаркам, а калі спатрэбіцца – у Вярхоўны Суд. Калі рашэньне аб іх нерэгістрацыі ня будзе адмененае, то я – іх лідэр, я ня здолею прыняць удзел у гэтых выбарах”.

Гэта быў Мікалай Статкевіч, зарэгістраваны сёньня кандыдатам у дэпутаты ў Каліноўскай выбарчай акрузе, што ў Менску.

А вось паводле словаў лідэра Лібэральна-Дэмакратычнае партыі Сяргея Гайдукевіча, у ягоным выбарчым штабе цяпер працуе канвэер у абскарджваньні рашэньняў акруговых выбарчых камісіяў, што не зарэгістравалі кандыдатаў ад ягонае партыі. Колькасьць такіх, паводле папярэдніх падлікаў, перавальвае за другі дзясятак. Было адмоўлена й вядомаму бізнэсмэну — кіраўніку холдынгу “Лада–ОМС” Аляксею Ваганаву — за няпоўную дэклярацыю ў даходах.

Сам Гайдукевіч зарэгіставаны ў Сьвіслацкай акрузе ў Менску, але пра гэта ён даведаўся не ад камісіі, а ад карэспандэнта радыё Свабода. Мне ўдалося выпытаць інфармацыю ў сябра выбарчае камісіі. У гэтай акрузе, як і ў шмат якіх іншых, чамусьці абвяшчэньне вынікаў рэгістрацыі адкладваюць на пятніцу. Гэта выклікае ў Лібэральна-Дэмакратычнай партыі непакой. Паколькі пастанова ЦВК пра доступ кандыдатаў да СМІ прадугледжвае двухдзённы тэрмін падачы заяўкі на выступ на радыё ці ў газэце, Сяргей Гайдукевіч лічыць, што гэта робіцца наўмысна, каб не дапусьціціь непажаданых кандыдатаў да эфіру БТ. Ён ужо падрыхтаваў адпаведную скаргу. Аднак, як паведаміў нашаму радыё прадстаўнік ЦВК Мікалай Паўлічкаў, тут асаблівых прыдзірак ня будзе. Нават калі кандыдат спозьніцца падаць заяўку на выступ, яму ўсё адно дадуць гэткую мажлівасьць.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org