RFE/RL |
Чацьвер, 14 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
У трэцюю частку артыкулу 167 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях, якая прадугледжвае пакараньні за парушэньне законадаўства пра выбары, у тым ліку й за публічныя заклікі да байкоту выбараў, могуць быць у любы час унесеныя карэктывы. Такое паведамленьне зрабіў сёньня кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік у часе ягонае сустрэчы з экспэртамі ў мас-мэдыях ад палітычнай апазыцыі. Паводле паведамленьня Ганса-Георга Віка, ужо падрыхтаваны й перададзены Аляксандру Лукашэнку праект дакумэнтаў, якія неабходныя для таго, каб адмяніць пакараньне за байкот выбараў, прадугледжанае ў трэцяй частцы артыкулу 167 Адміністрацыйнага кодэксу. Цяпер, каб вырашыць канфлікт, дастаткова подпісу Лукашэнкі. Пры гэтым кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ не сказаў, ад каго ён атрымаў такія зьвесткі. Але амбасадар Вік дадаў, што неабходны дэкрэт можа быць падпісаны Лукашэнкам у любы час. Пакараньні за заклікі да байкоту выбараў у “Палату прадстаўнікоў” сталі балючай тэмаю для той часткі палітычнай апазыцыі, якая не бярэ ўдзел у выбарчай кампаніі. Ужо зафіксаваныя дзясяткі выпадкаў, калі праваахоўныя ворганы ўжываюць сілавыя захады ў дачыненьні да актывістаў байкоту выбарчага фарсу. Пры гэтым ворганы спасылаюцца менавіта на трэцюю частку артыкулу 167 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Гэтая частка мае назоў “Парушэньні заканадаўства аб выбарах” і прадугледжвае штраф у памеры да дзесяці мінімальных заробкаў або папраўчыя работы на тэрмін да двух месяцаў з утрыманьнем дваццаці адсоткаў заробку пакараных. Між тым, у апошнім варыянце беларускага заканадаўства, згодна зь якім і праводзяцца выбары ў “Палату прадстаўнікоў”, пад ціскам апазыцыі і міжнародных структураў параграф пра пакараньні за байкот выбараў выключаны. Такім чынам, атрымаўся юрыдычны нонсэнс, калі Адміністрацыйны кодэкс супярэчыць іншаму кодэксу — Выбарчаму. Што думае на гэты конт старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына? (Ярмошына: ) “Справа ў тым, што сапраўды адказнасьць за байкот выбараў выключаная з Выбарчага кодэксу. Аднак дарэчы Міністэрства юстыцыі ў вельмі мяккай форме паведаміла пра тое, што йснуе яшчэ шэраг проціпраўных парушэньняў, якія зафіксаваныя ў Выбарчым законе ды таксама забароненыя. А менавіта, перашкода выбарчаму праву грамадзянаў шляхам падману, подкупу ды іншымі незаконнымі дзеяньнямі. Такім чынам, адказнасьць за перашкоду выбарчаму праву грамадзянаў, як і раней, існуе”. Гэта была старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. Цікаўлюся ў спадарыні Ярмошынай, як мусяць паводзіць сябе міліцыянты, на падставе чаго — Выбарчага кодэксу або Адміністрацыйнага кодэксу — яны мусяць будаваць свае стасункі з удзельнікамі байкоту? Спадарыня Ярмошына дае наступны адказ: “Давайце ня будзем забывацца на тое, што адміністрацыйнае спагнаньне выносіць не супрацоўнік міліцыі, а судзьдзя. Супрацоўнік міліцыі складзе пратакол, а ўжо судзьдзя мусіць вынесьці юрыдычна выверанае рашэньне з улікам усіх абставінаў”, — паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына. З адказаў старшыні Цэнтарвыбаркаму можна зрабіць дзьве высновы: па-першае, яна прызнае, што у Выбарчым кодэксе пакараньня за байкот выбараў не йснуе. Па-другое, і гэта самае галоўнае, людзей, якія выступаюць за байкот, лёгка пакараць паводле іншых пунктаў той жа самае часткі трэцяй артыкулу 167. Таму, калі нават Лукашэнка сваім дэкрэтам і выключыць з Адміністрацыйнага кодэксу пакараньне за байкот выбараў, можна меркаваць, што гэта прынцыпова ня зьменіць сытуацыю. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |