Толькі ўчора акруговая камісія гомельскай Цэнтральнай
выбарчай акругі №35 не зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты першага зь
сяброў сацыял-дэмакратычнае партыі «Народная грамада» — выкладчыка ўнівэрсытэту
Віктара Адзіночанку, а сёньня ў шэрагі «адмаўленцаў» патрапілі яшчэ двое
гомельскіх прадстаўнікоў гэтае ж партыі з акругаў №№ 36 і 37.
Абодва “народнаграмадоўцы” — юрыст Валеры Новак і эканаміст Уладзімер
Башарымаў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі, зьяўляюцца да таго ж дэпутатамі
Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. Яны не засталіся працаваць у лукашэнкавым
“парлямэнце”. Аднак вырашылі ўдзельнічаць у кастрычніцкіх выбарах, хаця,
безумоўна, ведалі пра стаўленьне да сябе ўладных структураў і падкантрольных
ім акруговых камісіяў.
Асабліва пікантнай выглядае сытуацыя з адмоваю ў рэгістрацыі Ўладзімера
Башарымава. У гомельскай Прамысловай акрузе №37 ён выстаўляў сваю кандыдатуру
ў дэпутаты падвойным чынам — шляхам збору подпісаў грамадзянаў і вылучэньнем
ад працоўнага калектыву заводу «Гомельліфт». Аднак камісія на чале з намесьнікам
кіраўніка адміністрацыі Савецкага раёну Ўладзімерам Стаці ўсё роўна не
зарэгістравала спадара Башарымава, ня даўшы на паседжаньні канкрэтных тлумачэньняў.
Як мяркуе сам вылучэнец, справа ў тым, што камісія расчышчае поле для афіцыйнага
кандыдата — цяперашняга дэпутата гэтак званае “Палаты прадстаўнікоў”, намесьніка
міністра ўнутраных справаў Леаніда Глухоўскага, які, відавочна, баіцца
канкурэнцыі.
Распавядае сам Уладзімер Башарымаў:
“Выснова такая: улада мяне баялася. І Глухоўскі баяўся са мною супернічаць.
Наогул, такое ўражаньне, што яны ведалі, што я буду скарыстоўваць гэту
кампанію для прапаганды, каб паказаць людзям, хто віноўны ў тым, што жывецца
ім кепска”, —зазначыў спадар Башарымаў.
Казімер Яноўскі, Гомель
|