RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 14 Верасьня 2000

Сёньня



Пазаўчора была апублікаваная новая дактрына інфармацыйнай бясьпекі Расеі. Гэта дакумэнт у інтэрвію нашай праграме камэнтуюць дырэктар расейскага цэнтру журналістыкі ў экстрэмальных сытуацыях Алег Панфілаў і кіраўнік маскоўскага бюро нашага Радыё Савік Шустэр.

Узаемаадносіны новай расейскай улады з мэдыямі добра і сумна вядомыя: дастаткова прыгадаць справы Бабіцкага і Гусінскага, ці, напрыклад, апошняе зьняцьцё з эфіру ОРТ праграмы Сяргея Дарэнкі. Ёсьць рэчы менш вядомыя, але ня менш сур’ёзныя: ФСБ спрабуе прымусіць правайдэраў Інтэрнэту даць доступ спэцслужбам да электронай пошты і дзейнасьці Інтэрнэту ў цэлым. Гэта – практыка. Зараз зьявілася і ідэалёгія – 46-старонкавая дактрына інфармацыйнай бясьпекі, распрацаваная ў нетрах Рады Бясьпекі Расеі.

Вось як ацэньвае гэты дакумэнт кіраўнік расейскага цэнтру журналістыкі ў надзвычайных умовах Алег Панфілаў.

(Панфілаў: ) “Дактрына інфармацыйнай бясьпекі – гэта не юрыдычны дакумэнт, ён ня мае юрыдычнай сілы як закон ці ўказ прэзыдэнта. Гэта – новая ідэалёгія новага ўраду, новай улады ў Расеі. Больш за ўсё расчароўвае тое, што ўлада будзе праводзіць лінію на адзяржаўленьне мэдыяў. У дактрыне сказана, што яна будзе надаваць большую ўвагу разьвіцьцю дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У гэтай дактрыне ёсьць вызначэньні, якія адкідваюць нас у 60-70 гады. У ёй сустракаюцца словы “інфармацыйная вайна”, “інфармацыйная зброя”. Асабліва там гаворыцца пра ўплыў замежных сродкаў масавай інфармацыі і пра нейкае супрацьдзеяньне гэтым мэдыям. Я лічу, што маюцца на ўвазе Радыё “Свабода”, “Бі-Бі-Сі”, “Голас Амэрыкі”, “Нямецкая хваля” і гэтак далей.

На мой погляд, пагоршыцца сытуацыя ў правінцыйнай прэсе. Губэрнатары і кіраўнікі адміністрацыяў суб’ектаў Расейскай Федэрацыі заўсёды змагаліся з незалежным друкам. Зараз кіраўнікі рэгіёнаў убачылі, што ў Маскве дадзеная каманда – “фас”. Так што правінцыйнай прэсе зараз будзе жыць значна горш. Можа зараз зьявіцца пакет законапраектаў, якія могуць паўплываць на стан і зараз слабой яшчэ свабоды слова ў Расеі”.

Гэта быў кіраўнік расейскага цэнтру журналістыкі ў экстрэмальных умовах Алег Панфілаў. Ён гаварыў пра пагрозу ўзмацненьня ціску на замежныя мэдыі, што працуюць у Расеі. Паводле меркаваньня кіраўніка маскоўскага бюро Радыё “Свабода” Савіка Шустэра, пагроза тоіцца нават ня ў самім тэксце дактрыны.

(Шустэр: ) “Мяркуючы па атмасфэры, па тым, што адбываецца з друкаванымі і электронымі мэдыямі, гэтая дактрына выглядае вельмі пагрозьліва. У тым афіцыйным дакумэнце, які мы ўсе чыталі – там нічога пагрозьлівага няма, ён проста пусты. Але мы ведаем яшчэ з савецкіх часоў, што розныя афіцыйныя дакумэнты выглядалі вельмі прыгожа. Але ўсялякія рэзалюцыі, дадаткі, інструкцыі да іх былі зусім іншага гатунку і мелі зусім іншыя вынікі. Мы вяртаемся да часоў Оруэла, ізноў ня верым таму што напісана, і міністэрства праўда робіцца міністэрствам хлусьні”.

Кіраўнік маскоўскага бюро Радыё “Свабода” Шустэр лічыць, што крокі ўлады будуць наступнымі.

(Шустэр: ) “Зараз у асноўным ідзе барацьба за тэлебачаньне, гэта НТБ і ОРТ. Гэта галоўныя палі бойкі. Потым будзе радыё, потым Інтэрнэт, а далей возьмуцца за друкаваныя мэдыі. Пакуль цэнтральныя газэты не зьяўляюцца велізарнай пагрозаю, паколькі яны ня надта распаўсюджваюцца. А тыя, якія распаўсюджваюцца, настолькі “пажаўцелі”, што не зьяўляюцца пагрозаю для ўлады”.

Напрыканцы інтэрвію я папрасіў Савіка Шустэра параўнаць сытуацыю ў сродках масавай інфармацыі ў Беларусі і ў Расеі.

(Шустэр) “Мне падаецца, што іх цяжка параўноўваць У Расеі былі алігархі міжнароднага ўзроўню. Яны ўдзельнічалі ў палітычным жыцьці і часта ўдзельнічалі ў ім праз мэдыі. У Беларусі гэтага не было. У Расеі публіка, якая задаволеная тым, што Пуцін змагаецца з алігархамі, якіх лічаць злодзеямі, не заўважае, што “лес сякуць – трэскі ляцяць”, што зьнікаюць незалежныя мэдыі. У Расеі, як і ў Беларусі, не разумеюць абсалютна, што сродкі масавай інфармацыі незалежныя дзякуючы прыватнаму капіталу”.

Гаварыў кіраўнік маскоўскага бюро Радыё “Свабода” Савік Шустэр.

Гутарыў

Юры Дракахруст, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org