RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 13 Верасьня 2000

Сёньня



У Менску міліцыя зарыштавала вялікую частку накладу спэцвыпуску газэты “Рабочы”, у якім былі зьмешчаныя матэрыялы на тэму байкоту восеньскіх выбараў. Міліцыянты затрымалі таксама галоўнага рэдактара выданьня Віктара Івашкевіча, юрыдычнага кансультанта рэдакцыі Зьмітра Касьцюкевіча й генэральнага дырэктара прыватнае друкарні “Мэйджык” Юрыя Будзько.

Сёньня ўраніцу юрыдычны кансультант рэдакцыі “Рабочага” Зьміцер Касьцюковіч разам з экспэдытарам прыехалі ў друкарню, каб забраць частку накладу спэцвыпуску газэты. Экспэдытар ужо пачаў выносіць з друкарні пакункі газэтаў, калі да іх падыйшлі дырэктар рэжыму заводу “Тэрмапляст”, на тэрыторыі якога знаходзіцца “Мэйджык”, і невядомы міліцэйскі палкоўнік. Яны запатрабавалі ад супрацоўнікаў газэты паказаць накладныя быццам бы дзеля нейкае праверкі, і пайшлі ў будынак друкарні.

Празь нейкі час каля “Мэйджыку” зьявіліся намесьнік начальніка Першамайскага раённага аддзелу міліцыі, некалькі ягоных падначаленых і прадстаўнікі раённае ўправы КГБ. Яны аб’явілі супрацоўнікам рэдакцыі, што наклад спэцвыпуску колькасьцю 112 тысячаў паасобнікаў арыштаваны, бо ў газэце зьмешчаныя матэрыялы з заклікам да байкоту выбараў.

Разам са спэцвыпускам на некалькі гадзінаў быў арыштаваны й наклад чарговага нумару газэты. У гэты час да друкарні пад’ехаў галоўны рэдактар “Рабочага” Віктар Івашкевіч, які патрабаваў растлумачыць, на якой падставе зарыштаваная газэта, што лягальна выходзіць на тэрыторыі Беларусі. Замест тлумачэньняў, спадароў Івашкевіча, Касьцюкевіча, а таксама генэральнага дырэктара “Мэйджыка” Юрыя Будзько й выканаўчага дырэктара друкарні Сьцяпана Жарнасека адвезьлі ў пастарунак.

Празь нейкі час спадара Жарнасека адпусьцілі, а на Івашкевіча, Касьцюкевіча й Будзько склалі пратаколы паводле артыкулу 167.3 Адміністратыўнага кодэксу (парушэньне заканадаўства ў выбарах — заклікі да байкоту). Прычым, пры допытах апазыцыянэраў прысутнічала начальства з гарадзкой управы міліцыі ды начальнік раённага аддзелу КГБ. Затрыманыя пратэставалі супраць незаконных, на іхную думку, дзеяньняў міліцыянтаў, бо паводле новага Выбарчага кодэксу байкот выбараў не забаронены.

У пастарунку Віктара Івашкевіча і ягоных калегаў трымалі амаль тры гадзіны, пасьля чаго даставілі ў суд. Аднак усе яны запатрабавалі прадаставіць ім адвакатаў, і судзьдзя Сяргей Нясінаў быў вымушаны перанесьці разгляд іхных справаў на панядзелак.

Вось як пракамэнтаваў сёньняшнія падзеі пасьля судовага паседжаньня Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Гэта яшчэ толькі пачынаецца агітацыя за байкот, і яны вось зрываюцца, яны ня могуць спакойна глядзець, як гэта адбываецца і хочуць нас выштурхнуць у нейкую нелегальшчыну”.

Паведаміў спадар Івашкевіч.

Галоўны рэдактар “Рабочага” будзе патрабаваць прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў, якія, як ён лічыць, зьдзейсьнілі сёньня палітычную цэнзуру газэты.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org