RFE/RL |
Серада, 13 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
Працоўны калектыў былое філіі Менскага трактарнага заводу, Смаргонскі агрэгатны завод, знаходзіцца ў стане ціхага пратэсту. Усё лета на прадпрыемстве не плацілі заробку. Абяцаньні кіраўніцтва выплаціць грошы ў першай дэкадзе верасьня выкананыя толькі часткова: запазычанасьць за апошні месяц яшчэ застаецца. Першы трывожны сыгнал для кіраўніцтва прадпрыемства прагучаў 30 жніўня: адмысловая дэлегацыя працоўных заявіла дырэктару, што іхным сем’ям няма за што выпраўляць у школу дзяцей (апошнім разам грошы былі выплачаныя ў чэрвені за… красавік). Ультыматум быў жорсткі: трактарны завод будзе стаяць да таго часу, пакуль ня будзе кампэнсаваная запазычанасьць за лета. Тады кіраўнік агрэгатнага заводу Павал Шыркавец абяцаў, што да 5 верасьня грошы знойдзе. Аднак стыхійна створаны страйкам адмовіўся верыць абяцаньням, заявіўшы, што калектыў не пачне працу, пакуль ня ўбачыць, так бы мовіць, жывых грошай. Дарэчы, сродкі знайшліся толькі ўчора, і тое — за чэрвень і ліпень. Рабочыя мяркуюць, што неаплачаным жніўнем пачынаецца новая старонка будучых запазычанасьцяў перад заводзкімі працоўнымі. Смаргонскае прадпрыемства, перш за ўсё вядомае сваімі міні-трактарамі для малых і прыватных гаспадарак, вось ужо некалькі гадоў аніяк ня можа ўвайсьці ў нармальны працоўны рытм. Па сабекошту тэхніка паступова наблізілася да швэдзкіх, нямецкіх, польскіх аналягаў, якія ў якасьці ды эстэтычнаму выгляду куды больш прывабныя. Кошт міні-трактара з асноўнымі агрэгатамі цяпер складае каля $3.000. Але многія нават патэнцыйныя спажыўцы важка зазначаюць, што за такія грошы можна набыць прыстойны аўтамабіль. Таму замест асвойваньня новых рынкаў збыту паступова пачалася праца на склад. Старыя партнэры, пераважна ў Расеі, адмаўляюцца набываць тэхніку, якая заўважна падаражэла. Адпаведна, няма ўласных абаротных сродкаў, узьніклі адчувальныя даўгі, праблемы з мытным афармленьнем рухавікоў. А гэта, паводле кіраўніцтва заводу, галоўная праблема. Гаворыць першы намесьнік кіраўніка Смаргонскага агрэгатнага заводу Баляслаў Тамашэвіч: “Такіх рухавікоў у Беларусі не выпускаюць. Мы іх атрымліваем з Чэхіі. Можна ставіць амэрыканскія, можна югаслаўскія. Але ўсё роўна пры атрыманьні даводзіцца даплочваць за мытнае афармленьне 30% ад кошту. Адсюль і дарагоўля. Яшчэ напачатку года трактар каштаваў прыблізна $1.400, цяпер удвая даражэй. Адно толькі кола каштуе 16 тысячаў рублёў, хоць напрыканцы мінулага году каштавала 3-4 тысячы”. Становіцца нормаю, што й без таго невялікія заробкі працаўнікам затрымліваюцца па тры-чатыры месяцы. Ігар Карней, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |