(эфір 12 верасьня)
Мы атрымалі тэкст заявы амэрыканскага дарадцы ў Арганізацыі Бясьпекі
і Супрацоўніцтва у Эўропе Эндру Стайнфалда наконт перасьледу апазыцыі ў
Беларусі. Выступаючы перад Пастаяннай радай АБСЭ, Стайнфалд адрэагаваў
на закіды з боку намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Мартынава
на адрас амбасадара ЗША ў АБСЭ Дэвіда Джонсана.
Мартынаў паведаміў Джонсану, што ягоныя згадкі пра палітычных вязьняў
у Беларусі не адпавядаюць фактам. У сваім выступленьні ў Вене ў мінулы
чацьвер Эндру Стайнфалд заявіў, што Джонсан прадставіў дакладныя факты
і ня можа быць гаворкі пра скажэньне. Ён нагадаў, што ў турмах надалей
знаходзяцца Клімаў, Кудзінаў і Лявонаў, што надалей незакончаныя судовыя
працэсы ў справе Чыгіра, Статкевіча і Шчукіна. Стайнфалд нагадаў, што надалей
невядомы лёс зьніклых людзей: Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага.
Галоўнае, адзначыў Эндру Стайнфалд, што беларускія ўлады ня робяць нічога,
каб іх знайсьці. Амэрыканскі дарадца у АБСЭ назваў таксама апошнія факты:
грашовае пакараньне нібыта за абразьлівую публікацыю Валерыя Шчукіна, затрыманьне
ў першыя дні верасьня сябраў партыі БНФ, якія зьбіралі подпісы пад пэтыцыяй
аб незалежнасьці Беларусі і арышт 4 верасьня Аляксандра Кандзюкова, які
заклікаў да байкоту выбараў, а таксама ператрус офісу Таварыства Беларускай
Мовы ў Воршы 5 верасьня.
На падставе гэтых фактаў Стайнфалд лічыць, што перасьлед апазыцыі ў
Беларусі працягваецца.
Вольга Караткевіч, Прага
|