RFE/RL |
Серада, 13 Верасьня 2000 |
Сёньня |
13 верасьня ў Менск прыбылі першыя два сябры дэлегацыі Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, якія пад час падрыхтоўкі выбараў у “Палату прадстаўнікоў” будуць працаваць у якасьці тэхнічных экспэртаў. Пра гэта паведаміў сёньня ў часе чарговага паседжаньня Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў кіраўнік групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік. Ганс-Георг Вік распавёў пра тое, што група тэхнічных экспэртаў Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, якая пачне працаваць у Беларусі, будзе складацца прыкладна з 6-8 асобаў. Мяркуецца, што да канца гэтага тыдня ўсе яны зьбяруцца ў Менску, а з панядзелка пачнуць працу. Ужо вырашана, што яны разьмесьцяцца ў тым жа будынку, што й Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ. Супрацоўнік гэтае групы Эндру Карпэнтэр ужо прызначаны адказным за сувязь з тэхнічнымі экспэртамі. Выбар невыпадковы, паколькі яшчэ нядаўна спадар Карпэнтэр працаваў менавіта ў Бюро дэмакратычных ніцытываў і правоў чалавека. Да таго ж, Бюро зьяўляецца структурным пададдзелам АБСЭ. Амбасадар Вік асабліва падкрэсьліў той момант, што прыезд тэхнічных экспэртаў не азначае прызнаньне выбараў у “Палату прадстаўнікоў” дэмакратычнымі й свабоднымі. Паводле ягоных словаў, ацэнка будзе дадзеная толькі паводле вынікаў правядзеньня выбараў і пашырэньня паўнамоцтваў беларускага парлямэнту. Аднак прыезд міжнародных чыноўнікаў, нават з вузка абмежаванымі функцыямі, выклікае ў палітычнай апазыцыі пэўную трывогу. Вось што казаў на гэтую тэму на сёньняшнім паседжаньні лідэр Беларускае Сацыял-Дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч: (Шушкевіч: ) “Я заўсёды вітаю ўсе міжнародныя кантакты, у тым ліку канкрэтныя, для канкрэтных справаў. Але ў гэтым выпадку трэба ацэньваць гэта з пункту гледжаньня палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Накіроўваць любую місію на выбары, называць яе місіяй на выбары пры тым, што гэта ня выбары, пры невыкананьні ніводнай умовы і пры адсутнасьці якога-небудзь прагрэсу ў чатырох умовах, гэта – контрпрадуктыўна. Гэта стварае дадатковыя складанасьці ў нашым процістаяньні. І нас цешыць…Вы ж бачыце, што цяпер высьветлілася, якія падзеі ў нас адбываюцца – людзей хапаюць за тое, што яны заклікаюць да байкоту выбараў? Тое, што гэтага няма ў заканадаўстве, але тое, што гэта ёсьць у адміністрацыйным кодэксе (7 артыкул, 3 частка) – для мяне гэта жудасная навіна. Я ведаю, як рыхтуюцца законы ў Вярхоўным Савеце, і юрыдычны аддзел адказвае за тое, што калі ў закон уносяцца зьмены, дык уносяцца папраўкі ва ўсе кодэксы, і ў крымінальны, і ў адміністрацыйны. І калі гэта непадрыхтавана, гэта невыпадкова”. Гэта быў кіраўнік Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Грамады Станіслаў Шушкевіч. Лідэры партыяў, што прысутнічалі на сёньняшнім паседжаньні, зноў скардзіліся на дзеяньні ўладаў. У прыватнасьці, узгадваліся суд, які заплянаваны на 14 верасьня над арганізатарам сустрэчы з Анатолем Лябедзькам у Крычаве; пятае папярэджаньне Аб’яднанай Грамадзянскай партыі; канфіскацыя накладу газэты “Рабочы” ды іншае. У сувязі з гэтым прадстаўнікі палітычнай апазыцыі прынялі заяву, у якой канстатуюць, што ніводная з чатырох умоваў міжнароднае супольнасьці ня выкананая ўладным рэжымам ані цалкам, ані часткова. Хваля арыштаў прыхільнікаў байкоту выбарчага фарсу, зьбіральнікаў подпісаў у падтрымку чатырох умоваў дэмакратычных выбараў, зьбіральнікаў подпісаў за кандыдатаў, якія не падтрымліваюцца ўладаю, безпадстаўная адмова такім кандыдатам у рэгістрацыі, а таксама паклёпніцкая кампанія ў адрэсу апазыцыйных палітычных партыяў у дзяржаўных мас-мэдыях служаць новымі доказамі адсутнасьці элемэнтарных правоў і свабодаў у Беларусі. У зьвязку з гэтым Кансультацыйная рада заявіла, што ня можа пагадзіцца зь цьверджаньнем рэкамэндацыяў Тэхнічнае канфэрэнцыі ў Вене, нібыта прагрэс дасягнуты ўладаю ў чатырох асноўных галінах, зьвязаных з арганізацыяй дэмакратычных выбараў. Аўтары заявы спадзяюцца, што тэхнічная місія Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, Парлямэнцкая “тройка” адэкватна адрэагуюць на парушэньні правоў чалавека і адсутнасьць умоваў для правядзеньня свабодных дэмакратычных выбараў. Уладзімер Глод, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |