RFE/RL |
Серада, 13 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Як мы паведамлялі раней, 8 верасня у Советской Белоруссии быў зьмешчаны здымак кіраўнікоў дэлегацыяў краінаў сьвету з Ню-Ёркскага “Саміту Тысячагодзьдзя”, на якім майстры з лукашэнкаўскага выданьня зарэтушавалі чорнаскурага лідэра, што стаяў зь левага боку ад Лукашэнкі, і такім чынам атрымалася, што Лукашэнка стаіць першым зьлева ў першым радзе. Як стала вядома, няпажаданым суседам Лукашэнкі, якога майстры з Советской Белоруссии вырашылі прыбраць, аказаўся прэзыдэнт Нігерыі Алусегун Абасанджо. Даведацца, чаму ў Советской Белоруссии вырашылі, што прэзыдэнту Нігерыі
спадару Абасанджо ня мейсца каля правага пляча кіраўніка Беларусі Аляксандра
Лукашэнкі, ў рэдакцыі газэты аказалася ня проста.
А адзін з намесьнікаў галоўнага рэдактара Советской Белоруссии Зьміцер Маліноўскі, які адказвае за палітычную інфармацыю, аказваецца, таксама нічога ня ведае: (Маліноўскі: ) “Шчыра прызнаюся, я ўпершыню ад вас пра гэта чую!” Але калі тое, што простым журналістам не паведамляюць пра рэчы такога кшталту, яшчэ можна зразумець, дык тое, што намесьнік рэдактара газэты ўпершыню чуе пра рэтушаваньне 5-дзённай даўніны ад карэспандэнта нашага Радыё, мякка кажучы, ня выклікае даверу. Варта адзначыць, што нігерыйскі прэзыдэнт Алусегун Абасанджо – першы дэмакратычна абраны кіраўнік краіны пасьля дзесяцігодзьдзяў ваенных дыктатураў. А 100-мільённая Нігерыя, якая валодае вялізнымі запасамі нафты, ёсьць адной з наймацнейшых краінаў на захадзе Афрыкі. Дарэчы, паводле паведамленьняў нігерыйскай прэсы, презыдэнт Нігерыі Абасанджо падчас свайго знаходжаньня ў Ню-Ёрку, у прыватнасьці, правёу цёплую сустрэчу з нігерыйскай дыяспарай у ЗША, у той час, як беларуская дыяспара сустракала Лукашэнку дэманстрацыяй пратэсту. Акрамя гэтага, напярэдадні адбыўся афіцыйны візыт Прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў гэтую краіну. А нашым слухачам, якія маюць жаданьне параўнаць згаданы здымак з арыгінальным, раім паглядзець Белорусскую Деловую Газету альбо газэту Нашу Свабоду, якія вышлі 8 верасьня. Аляксей Дзікавіцкі, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |