RFE/RL |
Серада, 13 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Учора краіны Эўразьвязу прынялі рашэньне скасаваць дыпляматычныя санкцыі супраць Аўстрыі. Санкцыі былі ўведзеныя 8 месяцаў таму, калі ў склад урадавай кааліцыі ў Аўстрыі ўвайшла ксэнафобская ультраправая Партыя Свабоды. Пра тое, як амэрыканскі друк камэнтуе рашэньне Эўразьвязу, распавядае Юры Дракахруст. У сваім сёньняшнім артыкуле The Wall Street Journal падкрэсьлівае пункт агульнай заявы 14 краінаў ЭЗ, у якім гаворыцца, што і зараз, пасьля скасаваньня санкцыяў, патрэбная пільнасьць да дзейнасьці Партыі Свабоды і яе ўплыву на ўрад Аўстрыі. Рашэньне пра адмену санкцыяў, – нагадвае The Wall Street Journal, – было прынятае на падставе справаздачы адмысловай камісіі Зьвязу, якая прыйшла да высновы, што санкцыі зьяўляюцца контрпрадукцыйнымі, і што дыскрымінацыя Аўстрыі толькі распальвае нацыяналістычныя настроі ў гэтай краіне. У склад камісіі ўваходзілі Ёган Фройвэн, дырэктар інстытуту Макса Планка ў Нямеччыне, Марці Ахцісаары – былы прэзыдэнт Фінляндыі і Марсэліно Арэйя – былы дзяржаўны міністар Гішпаніі. Санкцыі прадугледжвалі спыненьне двухбаковых дыпляматычных кантактаў, студэнцкіх абменаў, байкот культурных і спартовых мерапрыемстваў. The Wall Street Journal паведамляе, што рашэньне пра скасаваньне санкцыяў было ўспрынятае ў Вене як перамога. “Гэта вялікі посьпех Аўстрыі, які быў дасягнуты нашай цярплівасьцю і цьвёрдасьцю”, – заявіў канцлер Аўстрыі Шусэль. У якасьці адного з чыньнікаў, што паспрыялі адмене санкцыяў, газэта адзначае складаныя адносіны ўнутры Эўразьвязу. Захаваньне санкцыяў супраць Аўстрыі магло б паўплываць на вынікі рэфэрэндуму ў Даніі наконт далучэньня краіны да зоны агульнай валюты Зьвязу – эўра. Рэфэрэндум адбудзецца 28 верасьня. Данія, як і шэраг іншых малых краінаў Эўропы, разглядае санкцыі супраць Аўстрыі, як прэцэдэнт умяшаньня Зьвязу ва ўнутраныя справы сувэрэнай краіны. У дэклярацыі пра скасаваньне санкцыяў, прынятай з надзвычайнай хуткасьцю, няма пэўных рэкамэндацыяў, што павінен рабіць Зьвяз, калі падобныя выпадкі паўторацца ў будучым. А паўтарэньні, – заўважае The Wall Street Journal, – цалкам магчымыя: Нацыянальны саюз – італьянская партыя з выразнымі нэафашыстоўскімі сувязямі, мае рэальную магчымасьць прэтэндаваць на мейсца ва ўрадавай кааліцыі пасьля выбараў, што адбудуцца ў будучым годзе. The New York Times у сваім сёньняшнім артыкуле зьвяртае ўвагу на некаторыя іншыя аспэкты эпапеі з санкцыямі ды іх учорашняй адменаю. Аўтар газэты піша, што санкцыі не зрабілі ніякага нэгатыўнага ўплыву ні на турызм, ні на аўстрыйскую эканоміку ў цэлым. Яны толькі крышачку ўскладнілі жыцьцё аўстрыйскіх дыпляматаў. The New York Times паведамляе, што ЗША не падтрымалі рашэньне Эўропы: ўчора прадстаўнік дзярждэпартамэнту заявіў, што пазыцыя Вашынгтону застаецца нязьменнаю: Амэрыка занепакоеная ўдзелам Партыі Свабоды ва ўрадзе Аўстрыі і захоўвае дыпляматычныя санкцыі супраць Вены. The New York Times нагадвае, што Ёрг Гайдэр, які неўзабаве пасьля ўвядзеньня санкцыяў фармальна пакінуў пасаду кіраўніка Партыі Свабоды, абраў аб’ектам сваіх атакаў прэзыдэнта Францыі Шырака. Францыя была самым пасьлядоўным прыхільнікам санкцыяў і да апошняга настойвала на іх захаваньні. У мінулую нядзелю Гайдэр назваў Шырака “кішэнным Напалеонам” і сказаў, што той напаткаў сваё “Ватэрлоо”. Падаецца, што Францыя на самой справе без вялікага задавальненьня далучылася да супольнай пазыцыі Зьвязу. The New York Times цытуе французкага міністра ў эўрапэйскіх справах Масковічы, які ўжо пасьля скасаваньня санкцыяў заявіў: “Гэта ня ёсьць дараваньне Партыі Свабоды, гэтай партыі ня можа быць апраўданьняў”. Юры Дракахруст, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |