RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 12 Верасьня 2000

Сёньня:



Усе 34 дэпутаты сталічнага гарадзкога савету стануць дэлегатамі гэтак званага “Ўсебеларускага зьезду дэпутатаў саветаў дэпутатаў”, што пройдзе ў Менску 25 верасьня. У часе пазачарговае сэсіі гарадзкога савету высьветліліся цікавыя падрабязнасьці падрыхтоўкі гэтае прапагандысцкае імпрэзы ўладаў.

На зьезд саветаў, што мусіць стаць для ўладаў альтэрнатываю Ўсебеларускаму зьезду за незалежнасьць, пойдзе ўвесь асабовы склад менскага гарадзкога савету. Ягоны старшыня Ўладзімер Папкоўскі распавёў з трыбуны сэсіі, як ён дамогся такіх прывілеяў для сталічных дэпутатаў…

(Папкоўскі: ) “Пайшлі мы з Уладзімерам Раманавічам да Сазонава Аляксандра Юр’явіча — гэта наш сябра, гэта памочнік прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а наш куратар. …Яму гэтая справа ўся спадабалася, і ён кажа: я пастараюся вельмі хутка разьвязаць гэтую праблему. І на дзіва за дзьве гадзіны ён яе разьвязаў: трапіў да Мясьніковіча ды вырашыў гэтае пытаньне”, — паведаміў старшыня Менскага гарадзкога савету спадар Папкоўскі.

Ён дадаў, што менавіта кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі так вырашыў, і хацеў паставіць на галасаваньне якраз такую фармулёўку: ухваліць рашэньне Міхала Мясьніковіча пра ўдзел усяго гарадзкога савету ў зьезьдзе. Але некаторыя дэпутаты даўмеліся, што трэба фармулёўку зьмяніць, таму галасавалі за вылучэньне ўсіх сябе на зьезд дэпутатаў — і прагаласавалі аднагалосна: 21 — “за”, 0 — “супраць”.

Прэзыдыюм пазачарговае сэсіі гэты пункт парадку дня, дзеля якога сэсія і склікалася, пакінуў на самы канец паседжаньня, ды яшчэ пажартаваўшы — маўляў, найбольш складанае пытаньне.

Яшчэ на сэсіі стала вядома, што “Савет Рэспублікі” сёньня папрасіў тэрмінова зарганізаваць кандыдатуру “ад простага народу”, таму ад яго на зьезьдзе будзе выступаць кіраўнік адміністрацыі Маскоўскага раёну сталіцы — раённых дэпутатаў жа зусім няма.

А перад гэтым старшыня гарадзкога савету Ўладзімер Папкоўскі зрабіў справаздачу на тэму “Палітычная сытуацыя ў Менску”. Паводле ягоных словаў, пра байкот выбараў 15 кастрычніка ня можа быць нават размовы, бо…

“Вядомыя апазыцыянэры — такія, як Фядута, Абрамава, Навасяд — накіравалі ў АБСЭ сьлёзную пэтыцыю з просьбаю даслаць назіральнікаў. Ня згодны з канцэпцыяй байкоту й гэтак званы ганаровы старшыня Аб’яднанае Грамадзянскае партыі Станіслаў Багданкевіч, і намесьнік старшыні АГП Васіль Шлыньдзікаў”, — заявіў спадар Папкоўскі.

Ён упэўнены, што ініцыятыва апазыцыі пра ўсенародны рэфэрэндум ёсьць не зусім законнаю ды нават дробнаю ў параўнаньні з маштабнай палітычнай падзеяй 15 кастрычніка. Тым больш — пасьля Венскае канфэрэнцыі 30 жніўня, якая, на думку старшыні менскага гарадзкога савету, скончылася гэтак:

“У выніку ўхвалена рашэньне рэкамэндаваць ключавым эўрапейскім арганізацыям накіраваць у Менск назіральнікаў за ходам выбараў”, — сказаў Уладзімер Папкоўскі.

Ён таксама паведаміў, што балятавацца 15 кастрычніка будуць 8 дэпутатаў сталічнага гарадзкога савету, зь іх 4 — сябры ягонага прэзыдыюму. Старшыня спрагназаваў, што ўдзел у выбарах ў “Палату прадстаўнікоў” возьмуць больш за 80 адсоткаў выбаршчыкаў сталіцы.

Юры Сьвірко, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org