RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 12 Верасьня 2000

Сёньня



Адміністрацыя вытворчага аб’яднаньня “Інтэграл” працягвае спробы гвалтоўным чынам прымусіць людзей уступіць у “дырэктарскі” прафсаюз. Аднак сутыкаецца з прыкметным супрацівам працоўнага калектыву.

Жорсткі прэсынг з боку кіраўніцтва аб’яднаньня сёньня меў месца на ўсіх пяці прадпрыемствах, якія ўваходзяць у “Інтэграл”. На працягу працоўнага дня рабочых і інжынэраў прадстаўнікі адміністрацыі агітавалі ўхваліць ініцыятыву генэральнага дырэктара Віктара Емяльянава. Пасьля гэтага “інтэгралаўцам”, як правіла, аддаецца загад напісаць заявы на выхад з прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасьці ды ўступленьне ў новы прафсаюз.

Кіраўніцтва аб’яднаньня разьлічвала, што новы прафсаюз будзе створаны ўсяго за некалькі дзён. Зараз, аднак, бачна, што гэты працэс складаны — шмат хто з працаўнікоў “Інтэгралу” супраціўляецца дырэктарскаму гвалту. Сумненьні ў распачатай справе маюць нават тыя, хто дапамагае Емяльянаву “зламаць” калектыў. Вось што паведаміў нашаму радыё адзін зь лідэраў новага прафсаюзу Вадзім Фёдараў:

“Сумневы ёсьць. І таму прафсаюзны камітэт прыняў гэтае рашэньне не аднагалосна, і ў першасных арганізацыях ухвалілі ідэю толькі 78 адсоткаў працаўнікоў. У кожнага сваё меркаваньне”, — зазначыў Фёдараў. Паводле ягоных словаў, сумневы арганізатараў новага прафсаюзу нарастаюць у сувязі з пагрозаю ўтварэньня ў аб’яднаньні некалькі прафсаюзаў.

Між іншым, паводле апошніх зьвестак, “дырэктарскі” прафсаюз заснаваны пакуль яшчэ толькі на адным прадпрыемстве “Інтэгралу” — заводзе імя Дзяржынскага. На менскіх заводах “Транзыстар” і “Электроніка”, берасьцейскім прадпрыемстве “Цьветатрон” і пінскім “Камэртоне” працаўнікі ўпарцяцца прафсаюзнай ініцыятыве Емяльянава. Гаворыць старшыня рэспубліканскага камітэту прафсаюзу радыёэлектронікі Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Зараз яны там працуюць над статутам, бо яго трэба ўдакладніць. Нашыя першасныя арганізацыі, што ёсьць на “Электроніцы” і на “Транзістары”, паводле яго, ня маюць тых правоў, што мелі раней, але ператвараюцца проста ў цэхавую арганізацыю. Гэта паводле словаў Мураўёвай Ірыны Дзьмітраўны, старшыні прафкаму “Транзістара”,

— паведаміў Фядыніч.

Дарэчы, прафсаюзны лідэр заводу “Транзыстар” Ірына Мураўёва сёньня паведаміла сваім калегам, што й тут нарастае гвалт з боку адміністрацыі. Паводле ейных словаў, Мураўёвай быў фактычна закінуты ўльтыматум: або дапамагаць адміністрацыі ў арганізацыі новага прафсаюзу, або звальняцца з прадпрыемства.

Замаруджваецца працэс прафсаюзнага будаўніцтва й на заводзе “Цьветатрон”. З гэтае прычыны генэральны дырэктар аб’яднаньня Віктар Емяльянаў сёньня тэрмінова накіраваўся ў Берасьце.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org