RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 12 Верасьня 2000

Сёньня:



У Беларусі зацьверджаная дзяржаўная антыалькагольная праграма. У адпаведнасьці зь ёй будуць адноўленыя жаночыя лячэбна-працоўныя прафілякторыі, гэтак званыя ЛТП. Такім чынам, цяпер і жанчынаў, і мужчын будуць прымусова лячыць ад алькагалізму.

Днямі беларускі ўрад ухваліў дзяржаўную праграму нацыянальных дзеяньняў у справе прадухіленьня й пераадоленьня п’янства й алькагалізму. Ужо з наступнага году будуць скарочаныя памеры вытворчасьці моцных сьпіртовых напояў, пры гэтым плянуецца павялічыць вытворчасьць піва, віна й слабаалькагольных напояў. Будуць адноўленыя камісіі ў справе барацьбы з п’янствам. На тых прадпрыемствах, дзе працуе больш за 3 тысячы чалавек, плянуецца стварыць наркалягічныя кабінэты.

Таксама плянуецца стварыць ЛТП для прымусовага лячэньня жанчынаў, хворых на алькагалізм. Нагадаем, што ў 91-м годзе ў Беларусі амаль усе лячэбна-працоўныя прафілякторыі былі зачыненыя, у тым ліку й жаночыя. Але дагэтуль засталіся два мужчынскія ЛТП.

На думку галоўнага нарколяга Міністэрства аховы здароўя Ўладзімера Максімчука, аднаго са стваральнікаў антыалькагольнае праграмы, акрамя жаночых, варта адчыніць яшчэ некалькі мужчынскіх ЛТП, але на гэта ў дзяржавы пакуль не хапае грошай.

Распавядае Ўладзімер Максімчук:

“Жаночых ЛТП у нас цяпер няма. Яны былі раней, але іх закрылі. А тым часам колькасьць жанчынаў, хворых на алькагалізм, істотна павялічваецца, асабліва з дэградацыяй на апошняй ступені. У Беларусі каля 18 тысячаў жанчынаў, хворых на алькагалізм, а мужчын — каля 180 тысячаў.

У нас нічога ня робяць канчаткова — ці то адчыняюць ЛТП, ці то зачыняюць. Але ж гэта ня значыць, што ўсіх трэба туды. Апошнія пяць гадоў сярэднестатыстычны прырост тых, хто п’е, сярод жанчынаў значна большы, чым сярод мужчын. Калі гэтак будзе працягвацца, дык празь дзесяць гадоў яны “дагоняць” мужчын. Трэба й мужчынскія ЛТП адкрываць, хаця цяпер і ёсьць два. А жаночых — ніводнага. Цяпер вырашылі пакуль жаночы адчыніць, а то няма куды падзець жанчынаў”, — распавёў Уладзімер Максімчук.

А на думку прадстаўніка Беларускага Гэльсынскага камітэту Алега Гулака лячэньне алькагалізму, — мужчынскага або жаноцкага, — можа быць толькі дабрахвотным. Як лічыць спадар Гулак, прымусовае лячэньне гэтае хваробы зьяўляецца парушэньнем правоў чалавека, асабліва, калі яно зьяўляецца пазасудовым пакараньнем. Алькагалізм — гэта хвароба, і яна ня можа быць падставаю да пакараньня, — адзначыў прадстаўнік Беларускага Гэльсынскага камітэту.

Ганна Соусь, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org