RFE/RL |
Аўторак, 12 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Каля дзесяці чалавек было затрымана апошнімі днямі міліцыяй у Менску за распаўсюджваньне ўлётак з заклікам да байкоту восеньскіх выбараў. Cярод затрыманых апазыцыянэраў бальшыню складаюць непаўнагадовыя. Учора ва ўправу міліцыі Заводзкага раёну Менску быў дастаўлены 16-гадовы вучань аднаго са сталічных ліцэяў Ігар Маханёк. Падлетак быў схоплены міліцыянтам на адным з прыпынкаў грамадзкага транспарту, дзе клеіў улёткі з заклікам не хадзіць на выбары. Ігара Маханька пратрымалі ў пастарунку дзьве гадзіны. Міліцыянты зканфіскавалі ў яго дзесяць улётак і склалі пратакол паводле артыкулу 143 Адміністратыўнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за засьмечваньне грамадзкіх месцаў. Пры гэтым міліцыянты дамагаліся ад падлетка прызнаньня, дзе ён узяў улёткі і колькі яму за гэта заплацілі. Ігар заявіў, што знайшоў улёткі на вуліцы, і паколькі зьмест агітацыйных матэрыялаў адпавядае ягоным перакананьням, дык ён і пачаў іх распаўсюджваць. Цяпер справу Ігара Маханька будзе разглядаць камісія ў справах непаўнагадовых пры раённым выканкаме. Тым часам, у мінулую пятніцу ахоўнікі парадку затрымалі ў раёне вуліцы Кузьмы Чорнага яшчэ трох непаўнагадовых, якія кідалі ў паштовыя скрынкі жыхароў улёткі з заклікам да байкоту. Гэтых хлопцаў таксама некалькі гадзінаў трымалі ў пастарунку. Міліцыянты зканфіскавалі ў школьнікаў 2 тысячы ўлётак і склалі пратаколы. Пры гэтым у міліцыі падлеткаў палохалі выключэньнем са школы. Запалоханыя дзеці некалькі дзён не паведамлялі пра сваё затрыманьне бацькам і прадстаўнікам праваабарончых арганізацыяў. Паводле інфармацыі “Хартыі-97”, у апошнія дні ў гэтым жа раёне Менску за распаўсюджваньне ўлётак было затрымана яшчэ пяць апазыцыянэраў. Паводле некаторых зьвестак, іх пакаралі штрафамі памерам адзін мінімальны заробак. У пятніцу ж ля парку імя Янкі Купалы, дзе адбывалася сьвяткаваньне Дня беларускае вайсковае славы, была затрыманая Зоя Чаропка, якая зьбірала подпісы грамадзянаў пад патрабаваньнем да ўладаў выканаць чатыры вядомыя ўмовы міжнароднае супольнасьці ў справе выбараў. Спадарыню Чаропку адвезьлі ў Цэнтральны раённы аддзел міліцыі, дзе на працягу дзьвюх гадзінаў зь ёй праводзілі гэтак званую “прафіляктычную гутарку”. Пры гэтым Зою папярэдзілі, што ў выпадку, калі выбары 15 кастрычніка не адбудуцца, — яе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Маніторынг парушэньня правоў чалавека ў часе кампаніі байкоту выбараў праводзіць Праваабарончы цэнтар “Вясна”. Гаворыць намесьнік кіраўніка гэтай праваабарончай арганізацыі Валянцін Стэфановіч: (Стэфановіч: ) “Вядома, уладам зараз выгодна, каб выбары адбыліся. І таму яны спыняюць любыя спробы агітацыі за байкот. Мы бачым, што абвінавачаньні бываюць самыя неверагодныя, кшталту антысанітарыі. Міма супрацоўнікі міліцыі не праходзяць, калі бачаць, што нехта распаўсюджвае ўлёткі. Відавочна, ёсьць інструктаж супрацоўнікаў міліцыі па ўсіх раёнах пры патруляваньні вуліцаў зьвяртаць увагу на тых, хто распаўсюджвае ўлёткі. Пры гэтым міліцыя ўжывае самыя разнастайныя правакацыі. У нас ёсьць зьвесткі, што непаўнагадовых прымушаюць пісаць тлумачэньні ў пратаколах, што яны атрымліваюць грошы за распаўсюджваньне ўлётак. Відавочна, што мэта ўладаў – прадухіліць агітацыю супраць выбараў”. Гэта быў намесьнік старшыні рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч. Гэтая праваабарончая арганізацыя таксама будзе аказваць юрыдычныя паслугі тым, хто быў затрыманы ў часе кампаніі байкоту выбараў, і дамагацца адмены несправядлівых судовых рашэньняў. Альгерд Невяроўскі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |