Сёньня ўвечары адбылося паседжаньне камісіі Полацкай гарадзкой выбарчай
акругі №28, на якім былі разгледжаныя дакумэнты пратэндэнтаў на дэпутацкі
мандат у так званую “палату прадстаўнікоў”. Разгледзеўшы іх у ракурсе адпаведнасьці
выбарчаму кодэксу, камісія зьняла з выбарчай гонкі двух прэтэндэнтаў, у
тым ліку, дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валерыя Шчукіна,
які вылучаўся па гэтай акрузе шляхам збору подпісаў.
Агулам на карысьць спадара Шчукіна было сабрана 1100 подпісаў палачанаў,
зь іх 221 подпіс камісія палічыла несапраўднымі з прычыны маючых месца
скарачэньняў і выпраўленьняў у падпісных лістах, а таксама таму, што 190
подпісаў, як было заяўлена на паседжаньні, былі сабраныя не сябрамі ініцыятыўнай
групы, а самім прэтэндэнтам. Яшчэ адной падставай для такога вэрдыкту стала
тое, што спадар Шчукін назваўся ў прадстаўленых дакумэнтах дэпутатам Вярхоўнага
Савету 13-га скліканьня.
Падобны ж лёс зазнаў і яшчэ адзін прэтэндэнт, спадар Кузьняцоў, які
працуе памочнікам начальніка аддзелу вайсковай контрвыведкі КГБ.
Сябры ініцыятыўнай групы спадара Шчукіна пры гэтым выказалі меркаваньне,
што вылучэньне супрацоўніка контрвыведкі і ягонае зьняцьцё з выбарчай дыстанцыі
разам з дэпутатам Шчукіным – гэта загадзя сплянаваная акцыя ўладаў.
Ну а кандыдатамі ў дэпутаты па згаданай акрузе сталі прадстаўнік Лібэральна-дэмакратычнай
партыі, пра дзейнасьць якой у рэгіёне дагэтуль не было і почуту, прадстаўнікі
абодвух кампартыяў, а таксама дырэктар Полацкага дзяржаўнага гісторыка-культурніцкага
запавевдніка спадар Ільніцкі ды галоўны лекар тэрытарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня
спадар Ісаеў, які лічыцца галоўным фаварытам выбарчай кампаніі.
Вінцэсь Мудроў, Полацак
|