RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 12 Верасьня 2000

Сёньня:



У дзяржаўнай прэсе апублікаваны дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі, якім кіраўнік дзяржавы ўключыў у склад Цэнтральнае выбарчае камісіі прадстаўнікоў партыяў, што вырашылі браць удзел у парлямэнцкіх выбарах. У сувязі з гэтым дэкрэтам лідэр ПКБ Сяргей Калякін абвінавачвае ўладу ў фальсыфікацыі.

Падпісаным учора дэкрэтам Аляксандар Лукашэнка пастанавіў увесьці ў склад Цэнтральнае выбарчае камісіі прадстаўнікоў дзевяцёх партыяў, якія ўдзельнічаюць у выбарах. Гэтым асобам надаецца права дарадчага голасу, яны могуць уносіць прапановы, выступаць на паседжаньні й знаёміцца з дакумэнтамі камісіі, але ня маюць права ўдзельнічаць у галасаваньні й праверках.

У афіцыйным камэнтары да дэкрэту адзначана, што ён зьяўляецца пацьверджаньнем гатовасьці дзяржаўных ворганаў “да канструктыўнага дыялёгу й супрацоўніцтва зь міжнароднымі інстытутамі й грамадзка-палітычнымі сіламі Беларусі”.

Высьвятляецца, аднак, што гэтае “супрацоўніцтва” адміністрацыя Лукашэнкі разглядае вельмі своеасабліва. Гаворыць першы сакратар ПКБ Сяргей Калякін:

(Калякін: ) “Я бачу, што тут літаральна зроблены падлог. У склад Цэнтральнае выбарчае камісіі ўключаны Бядуля Ўладзімер Лявонцьевіч ад Партыі камуністаў Беларускай. Я вельмі добра стаўлюся да Бядулі, гэта вельмі заслужаны і адказны чалавек, але сытуацыя ўся ў тым, што мы Бядулю ад партыі камуністаў не прапаноўвалі ў Цэнтарвыбаркам. Уключылі прадстаўніка партыі бяз згоды самое партыі – я такога яшчэ не сустракаў…”

Калякін паведаміў, што партыя вылучыла ў склад камісіі зусім іншую кандыдатуру — сакратара ЦК Аляксандра Пахлопка. “Відаць, адміністрацыя прэзыдэнта ўзяла на сябе паўнамоцтвы кіруючага воргана Партыі камуністаў”, — іранізуе Сяргей Калякін. ПКБ зараз рыхтуе адмысловую заяву з нагоды гэтага падману.

Іншая, драбнейшая, фальсыфікацыя была ўчынена Беларускім нацыянальным тэлеканалам. Учора адразу пасьля “Панарамы” гледачы маглі пабачыць нібыта жывы эфір дэбатаў кандыдатаў у дэпутаты. Лідэр ПКБ Сяргей Калякін удзельнічаў у гэтых тэледэбатах…

(Калякін: ) “Я магу сказаць, што гэтую перадачу ледзь пазнаў. Бо яна ўвогуле страціла ўсялялі сэнс і зьмест. Там былі навырываныя асобныя выступы асобных лідэраў партыяў, зусім выцягнутыя з кантэксту. Там проста незразумела, пра што гаварыў чалавек, бо вырываўся літаральна адзін сказ зь ягонае прамовы ці ягонага меркаваньня”.

Дарэчы, сама дыскусія запісвалася ў панядзелак, 4 верасьня, і доўжылася звыш 2 гадзінаў. Аднак БТ паказала толькі менш за гадзіну. Вядучы праграмы, нехта Філіпаў, нязграбна ствараў ілюзію, нібыта ён прымаў у жывы эфір нейкія тэлефанаваньні грамадзянаў… Гаворыць Сяргей Калякін…

(Калякін: ) “Яны былі загадзя адабраныя, загадзя зрэжысаваныя, і былі накіраваныя на тое, каб дыскрэдытаваць адных і паспрабаваць у лепшым сьвятле рэпрэзэнтаваць іншых. У прыватнасьці, намялявалі рэйтынг Камуністычнае партыі Беларускай, нібыта яны выйшла на першае месца паводле тэлефанаваньняў. А зь іншага боку, яны спрабавалі прынізіць Партыю камуністаў Беларускую і нейкім чынам ачарніць кіраўніка партыі Калякіна. Улада імкнулася стварыць чарговы прапагандысцкі ролік. І гэта, дарэчы, на маю думку, ёй не ўдалося”.

Калякін, аднак, заяўляе, што й надалей будзе браць удзел у падобных тэлевізійных перадачах. “Разумны ўсё зразумеў, гледзячы гэтую перадачу”, – заяўляе лідэр партыі камуністаў.

Тым часам былому камуністу, а цяпер беспартыйнаму Валерыю Шчукіну 28-я акруговая полацкая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. Камісія знайшла ажно тры прычына для адмовы. Шчукін заяўляе, што будзе абскарджаць гэтае рашэньне.

Віталь Цыганкоў, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org