RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 12 Верасьня 2000

Сёньня



Прынятае ў нядзелю ў Вене Арганізацыяй краінаў-экспартэраў нафты (ОПЕК) рашэньне павялічыць здабычу гэтага паліва на 800 тысячаў барэляў у дзень, не прынесла супакаеньня на ўсясьветных рынках. Шафёры грузавікоў, таксісты, фэрмэры і турысцкія фірмы з Велікай Брытаніі, Бэльгіі, Галяндыі, Францыі і Нямеччыны працягваюць акцыі пратэсту супраць недапушчальна высокіх цэнаў на бэнзын, блякуюць нафтаперапрацоўчыя заводы і аўтамагістралі, павялічваючы паніку сярод грамадзтваў усёй Заходняй Эўропы.

Учора цэны нафты на лёнданскай біржы, якія на мінулым тыдні перавысілі 35 даляраў за барэль, на кароткі момант нязначна зьнізіліся, а потым ізноў пайшлі ўгару. Брытанскія шафёры грузавікоў і фэрмэры працягваюць блякаду 6-ці зь 10-ці найбуйнейшых нафтаперагонных заводаў краіны. Акцыі пратэсту ўжо выклікалі закрыцьцё звыш трохсот заправачных станцыяў у гэтай краіне. Перад заправачнымі станцыямі Лёндану, з самай раніцы ўтвараюцца доўгія чэргі – прыкмета росту занепакоенасьці жыхароў, якія на ўсялякі выпадак спрабуюць назапасіць бэнзыну. З сёньняшняга дня ўрад Велікай Брытаніі ўзяў на сябе дадатковыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя законам аб энэргіі з 76-га году. Ён дае ўладам права прадпрымаць кардынальныя крокі дзеля разьмеркаваньня энэрганосьбітаў у краіне. Як паведаміў міністар прамысловасьці Стэфэн Байэрс, у адпаведнасьці з законам, у якасьці першых бэнзын і паліва павінны атрымоўваць мэдычныя ўстановы, школы ды грамадзкі транспарт.

Між тым кіраўнік найбуйнейшага ў сьвеце нафтавага картэлю, вэнэсуэлец Алі Радрыгэз лічыць, што павелічэньне здабычы нафты прывядзе да выразнага зьніжэньня цэнаў паліва не раней як у наступным годзе. На ягоную думку, зараз агульны аб’ём здабычы нафты перавышае рэальны попыт на паліва. Аднак прынятае ў Вене Арганізацыяй краінаў-экспартэраў нафты рашэньне не адразу дасьць станоўчыя вынікі з прычыны спэкулятыўных тэндэнцыяў на паліўных рынках, высокіх падаткаў і тарыфаў ды іншых фактараў, адзначыў Радрыгэс. Ён заклікаў краіны ОПЕК сур’ёзна паставіцца да узьніклай сытуацыі і сваіх новых абавязацельстваў. Адзін з вядучых экспэртаў лёнданскай біржы заявіў, што рост цэнаў нафты не выкліканы яе нястачай, але тым, што не хапае пераапрацоўчых магчымасьцяў, асабліва ў ЗША.

Аглядальні прадбачваюць вельмі нэгатыўны ўплыў апошняга паліўнага крызысу на гандлі, занятасьці і ўсёй эканоміцы Заходняй Эўропы. З прычыны блякады нафтаперапрацоўчых заводаў у Велікай Брытаніі ўзьнікла пагроза збояў у пастаўках у крамы прадуктаў харчаваньня. “Высокія цэны паліва могуць прывесьці да банкруцтва мноства невялікіх прадпрыемстваў”, – адзначыў Рубэн Губэрс з Партыі Супраціўленьня, якая арганізуе аналягічныя пратэсты ў Галяндыі.

Арганізатары пратэстаў таксама згодныя з тым, што прычына высокіх цэнаў не ў нястачы нафтапрадуктаў. Бэнзын ў Заходняй Эўропе амаль у 4 разы даражэйшы, чым у ЗША, паколькі 75% ягонага кошту – гэта падатак. Што праўда, ён не прападае, бо йдзе на ўтрыманьне аўтамагістраляў альбо на ахову навакольнага асяродзьдзя, але спажыўцы лічаць, што ён празьмерна высокі.

“Гэта скандал, што ў нас паліва абкладзенае ўдвая вышэйшымі як у Францыі падаткамі. Гэта нэгатыўна адбіваецца на гандлі і занятасьці” – заявіў лідэр найбуйнейшага ў Велікай Брытаніі прафсаюзу Роджэр Лайонс. Ён заклікаў урад пайсьці за прыкладам Францыі і зьнізіць падатак. Дарэчы, такую ж думку выказваюць і краіны-экспартэры нафты.

Аднак урады шэрагу краінаў ня хочуць адмовіцца ад прыбытку, які дае высокі падатак на нафтапрадукты. Нават у цяперашняй, надзвычай складанай сытуацыі, урады Велікай Брытаніі, Бэльгіі і Нямеччыны ня маюць намеру йсьці за прыкладам Францыі. Учора французкія ўлады згадзіліся даплачваць да цаны паліва, аднак гэтая
саступка не прывяла за заканчэньня пратэстаў.

“Мы ня можам і ня будзем зьмяняць урадавую палітыку ў галіне паліва ў адказ на блякады і пікеты”, – заявіў прэм’ер Велікай Брытаніі Тоні Блэр. На ягоную думку, замест гэтага трэба націскаць на краіны ОПЕК, каб яны яшчэ больш павялічылі экспарт нафты. “У дадзены момант я ня бачу ніякай падставы для зьмены дзяржаўных падаткаў, якімі абкладаецца паліва” – сказаў міністар транспарту ФРГ Райнгард Клімт.

Аднак аглядальнікі лічаць, што надыход зімы і маштабы пратэстаў ўсё такі прымусяць урады краінаў Заходняй Эўропы пайсьці на саступкі.

Кастусь Бандарук, Прага


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org