RFE/RL |
Панядзелак, 11 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
Газэта “Народная Воля” ў апошнім нумары надрукавала адкрыты ліст міністру сацыяльнага забесьпячэньня Беларусі Вользе Даргель ад першага кіраўніка незалежнае Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча, пэнсія якога скадае цяпер усяго 3.196 рублёў або тры даляры. Міністар заяўляе, што павялічыць гэтую пэнсію можа толькі Лукашэнка, пра што й напісаў у лісьце Шушкевіч, які называе Лукашэнку “носьбітам хваравітае й помсьлівае псыхікі”. Станіслаў Шушкевіч, першы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь (а БССР перайменавалі ў адзін дзень зь ягоным абраньнем на гэтую пасаду) зьвярнуўся да міністра сацыяльнай абароны з нагоды прапановы кіраўніка адміністрацыі Фрунзэнскага раёну Менску адрачыся ад пэнсіі сьпікера ды прасіць пэнсію паводле веку. Шушкевіч піша, што менавіта міністар Вольга Даргель яшчэ ў студзені 1998 году забавязала раённую адміністрацыю плаціць яму пэнсію 3 тысячы 196 рублёў на месяц, якую з таго часу не павялічвалі. Сама міністар гэта абвяргае. (Даргель: ) “Я нікому, нікога, нічога не забавязвала ды не зьбіралася забавязваць камусьці выплачваць гэтулькі або па-іншаму пэнсію. Калі наш Станіслаў Станіслававіч сыходзіў на пэнсію, у адстаўку, яму прызначалі пэнсію як старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь. Калі ў 96-м годзе ўтварылі “Нацыянальны сход”, у нас пасады такой — старшыня Вярхоўнага Савету — ня стала”, — сказала Вольга Даргель. Міністар сацяльнай абароны паскардзілася, што ня можа нават праіндэксаваць Шушкевічаву пэнсыю, каб ён не атрымліваў 3 даляры на месяц: (Даргель: ) “Я ня маю праўнае базы прызначыць шаноўнаму Станіславу Станіслававічу пэнсію як старшыні Вярхоўнага Савету — гэта права прэзыдэнта. Я яго вельмі паважаю — як навукоўца, як разумнага чалавека, як добрага суразмоўцу, але я магу прызначыць пэнсію такую, як усім — паводле закону”, — заявіла спадарыня Даргель. Яна паабяцала прызначыць Станіславу Шушкевічу паводле закону максімальную пэнсію, бо ён мае высокі каэфіцыэнт ды вялікі стаж, але, дадала міністар, спадар Шушкевіч ня хоча пэнсію паводле веку ды адмаўляецца ад яе. Цяпер максімальная пэнсія ў Беларусі складае 46 тысячаў 360 рублёў, або каля 46 даляраў. Вольга Даргель сьцьвярджае, што ня можа сваім рашэньнем перавесьці першага старшыню Вярхоўнага Савету незалежнае Беларусі на гэткую пэнсію — дзеля гэта спадар Шушкевіч мае напісаць заяву. Пакуль жа ён атрымлівае 75 адсоткаў ад акладу старшыні, які ўжо чатыры гады не індэксуецца з прычыны адсутнасьці гэтае дзяржаўнае пасады. Станіслаў Шушкевіч напісаў у газэце, што Вольга Даргель, якую ён сам рэкамэндаваў на пасаду міністра восем год таму, відавочна, стамілася змагацца з хлусьнёю і не заўважыла, як стала дапамагаць тым, хто толькі на словах клапоціцца пра дабрабыт людзей. Шушкевіч папярэджвае, што паслужлівым падпарадкаваньнем няпраўю Вольга Даргель не паляпшае свае ўласныя шанцы на пэнсію за заслугі… Вось рэакцыя міністра: (Даргель: ) “Няхай ён так ня кажа — што я хлушу, і што людзі ў іншых краінах багацей ці бядней жывуць. У кожнай краіне жыве чалавек так, як сёньня эканоміка дазваляе”. Гаварыла Вольга Даргель. Цікава, што ў тым жа нумары “Народнае Волі” апублікаваны допіс колішняга намесьніка пракурора Гомельскае вобласьці Аляксандра Вашчанкі, які атрымлівае пэнсію 3 тысячы 397 рублёў, што таксама не індэксавалася са студзеня 1998 году ды складае цяпер тыя ж тры даляры. “Ня думаў я тады, што мая вера ў прэзыдэнта стане для мяне бядою ды поўным расчараваньнем”, — напісаў спадар Вашчанка ды папрасіў рады “самага-самага таленавітага ды ашчаднага эканаміста Алксандра Рыгоравіча Лукашэнкі”, як пражыць на тры даляры цэлы месяц. Юры Сьвірко, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |