RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 11 Верасьня 2000

Сёньня



Як мінімум 10 год у Беларусі ня будуць будаваць аб’екты атамнай энэргетыкі. Але гэта не азначае, што на тэрыторыі краіны зусім не застанецца рэшткаў ядравых экспэрымэнтаў. Пра намер зрабіць у Беларусі могільнік радыеактыўных адкідаў распавядае наш карэспандэнт.

Пасьля распаду Савецкага Саюзу шэраг новых незалежных дзяржаваў апынуліся сам-насам з праблемаю захоўваньня радыеактыўных адкідаў. Арменія, Кыргызія ды Казахстан афіцыйна заявілі, што цягам часу радыеактыўных рэшткаў назапасілася ў некалькі разоў больш, чым дазваляюць магутнасьці ў справе іх захоўваньня. Паступова набліжаецца да гэтае рысы й Расея: больш за 70% сховішчаў для акідаў на АЭС перапоўненыя. Магчымасьцяў для перапрацоўкі або транспартаваньня ў іншыя месцы няма. Шмат гадоў не вывозіцца адпрацаванае паліва з АЭС суседняе Ўкраіны.

На гэтым фоне нейкай анамаліяй выглядае згода беларускага кіраўніцтва прадаставіць трэцім краінам магчымасьць захаваньня радыеактыўных адкідаў на тэрыторыі Беларусі. Урадам падтрыманы праект атрыманьня грошай за кошт прыняцьця кантэйнэраў са сьмяротным грузам.

Кіраўнік Сацыяльна-Экалягічнага Саюзу Васіль Якавенка мяркуе, што жыхароў небясьпечных раёнаў традыцыйна будуць супакойваць поўнай бясьпечнасьцю праекта:

(Якавенка: ) “Несьцярэнка – вучоны па радыяцыі, дасьледуе ўзьдзеяньне радыяцыі на чалавека. Яго пазбаўляюць права дасьледаваць гэта, нягледзячы на тое, што ў Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў ім апякуюцца, у іх ёсьць ліцэнзія на работу. Міністэрства аховы здароўя ўвязваецца сюды і патрабуе, каб ён узяў ліцэнзію ў іх. Нашае чынавенства ў такіх выпадках будзе сябе паводзіць падобным чынам, пакуль у нас сыстэма павернутая не наперад, а назад. Да тых часоў і чынавенства будзе так рабіць”.

Вядома, што праекты ўзьвядзеньня ў Беларусі атамных электрастанцыяў згорнутыя заўчасна. Таму такіх запасаў ядравых адкідаў, як у суседніх краінах, у нас няма. Але верагоднасьць складаваньня на сваёй тэрыторыі выдаткаў нечае дзейнасьці вымушае задумацца.

Акрамя намеру ажывіць радыеактыўны сьметнік у Соснах вядуцца пошукі варыянтаў транспартаваньня й далейшага захоўваньня небясьпечных рэчываў у адпрацаваных шахтах паблізу Салігорску. Цалкам ня выключана, што за зачыненымі дзьвярыма не разглядаюцца й нейкія іншыя варыянты рызыкоўнага супрацоўніцтва ў гэтай галіне. Тым больш, што ўсясьветнае супольніцтва гаворыць пра іншыя рашэньні. Напачатку 90-х быў ухвалены міжнародны праект будаўніцтва вялізнага радыеактыўнага сховішча на атоле Пальміра. Праўда, тэарэтычная неабходнасьць пакуль не знайшла рэальнага ўвасабленьня.

Але важна ўжо тое, што навукоўцы прыйшлі да агульнае высновы: перапрацоўка адкідаў дзеля паўторнага скарыстаньня ня толькі тэхналягічна даражэйшая (з 69-га па 96-ы гады кошт перапрацоўкі вырас у 6 разоў), але й нашмат больш небясьпечная: у працэсе перапрацоўкі адпрацаванага ядравага паліва аб’ём радыеактыўных адкідаў узрастае ў сотні разоў.

Гэткім чынам, на падставе разьлікаў, практычна ўсе эўрапейскія краіны, якія маюць аб’екты атамнай энэргетыкі, вядуць гаворку толькі пра захоўваньне, але не перапрацоўку ядравых адкідаў. Пры гэтым шэраг краінаў — напрыклад, Нямеччына, Швэцыя, Вялікая Брытанія — гатовыя ісьці на вялізныя выдаткі, каб разьвітацца з ядравым мінулым наогул (экспэрты МАГАТЭ падлічылі, што кошт ліквідацыі АЭС дасягае $3 млрд за адзін рэактарны блёк).

Але й гэта ня так проста, бо пасьля выдаленьня адпрацаванага паліва рэактар мусіць, так бы мовіць, “астываць” цэлае стагодзьдзе. Ці трэба казаць, што пахаваныя нават з улікам тэхнагэннае небясьпекі ядравыя адкіды не астываюць ніколі.

Ігар Карней, Менскы


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org