RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Панядзелак, 11 Верасьня 2000

Сёньня



Новыя кадравыя прызначэньні, зробленыя Аляксандрам Лукашэнкі…

Сёньня Аляксандар Лукашэнка зрабіў два значныя кадравыя прызначэньні. Аляксандар Кулічкоў цяпер будзе працаваць ягоным памочнікам, а Аляксандар Герасіменка зойме пасаду намесьніка міністра замежных справаў Беларусі.

Хутчэй за ўсё, спадар Кулічкоў будзе дарадцам Лукашэнкі ў эканамічных пытаньнях. Былы памочнік – спадар Капітула пайшоў у чарговы адпачанак, а на былую пасаду вяртацца не зьбіраецца.

Прызначэньне былога магілеўскага губэрнатара выклікае поўнае неразуменьне. Рэч у тым, што Аляксандар Кулічкоў быў жорстка раскрытыкаваны Аляксандрам Лукашэнкам больш за год назад на нарадзе ў адміністрацыі. Ён нават быў вызвалены з пасады старшыні Магілеўскага аблвыканкаму беспасярэдне на паседжаньні. За кепскую працу.

Пасьля Аляксандар Кулічкоў працаваў клеркам у вышэйшай палаце так званага Нацыянальнага сходу.

Што да Аляксандра Герасіменкі, дык ён у свой час быў старшынём Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, а апошнія 5 гадоў працаваў амбасадарам Беларусі ў Баўгарыі.

Уладзімір Глод, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org