RFE/RL |
Панядзелак, 11 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Улетку Міністэрства адукацыі і Камітэт друку паведамлялі ў СМІ, што да 20-га жніўня – за 11 дзён да пачатку навучальнага году - усе школы краіны будуць забясьпечаныя неабходнымі падручнікамі. Прайшло 11 дзён ад пачатку навучальнага году, а падручнікаў не стае… Намесьніца начальніка абласной управы адукацыі Лідзія Кацегава засьведчыла, што школы рэгіёны не забясьпечаныя пакуль падручнікамі трох найменьняў: беларускай мовай, хіміяй ды біялёгіяй. Інспэктар управы Натальля Салонікава ўдакладніла гэтыя пазыцыі: у вобласьць не паступіла ніводнага падручніка хіміі для 9-х клясаў, аўтар – Шымановіч. А патрэбна – 24 тысячаў паасобнікаў. Для тых жа 9-х клясаў наш рэгіён атрымаў толькі 3 тысячы 128 падручнікаў біялёгіі, альбо 12 адсоткаў ад патрэбнага. Абодва падручнікі павіннае было выпусьціць менскае выдавецтва “Народная асьвета”. Паводле інфармацыі супрацоўнікаў унітарнага гандлёвага прадпрыемства “Гомелькніга”, а менавіта яно на заяўку ўправы адукацыі забясьпечвае школы, новыя падручнікі біялёгіі можна чакаць пры канцы верасьня. Іх засталося дадрукаваць. Падручнік жа хіміі – на стадыі карэктыроўкі. Калі патрапіць у школы – невядома. Сёлета павінен быў выдавацца й падручнік беларускай мовы для 7-клясьнікаў. Ад моманту апошняга выданьня мінулася 5 гадоў. Гэта – тэрмін, пасьля якога школы абнаўляюць свае фонды. Аднак у плянах выдавецтва “Адукацыя і выхаваньне” “Беларускай мовы для 7-й клясы” наагул не было. І вучні карыстаюцца спрацаванымі падручнікамі. Пералік падручнікаў і дапаможнікаў для сярэдняй школы на беларускай мове выглядае сьціпла. Большасьць адукацыйнай літаратару друкуецца на расейскай мове. Школа губляе нацыянальныя прыкметы. Сёлета ў абласным цэнтры ўсяго 36 першаклясьнікаў з 7 тысячаў пачалі навучацца на роднай мове. 6 гадоў таму іх было 76 адсоткаў. Казімір Яноўскі, Гомель
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |