RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 8 Верасьня 2000

Сёньня:



Чыноўнiкi Берасьцейскай абласной управы аховы здароўя атрымалi загад у тэрмiновым парадку вызвалiць займаемыя памяшканьнi ў будынку абласнога выканкаму. На гэтых плошчах зьбiраецца ўладкавацца iдэялягiчная служба берасьцейскае “вэртыкалi”, якая зараз займаецца ў тым лiку й кантролем за маючымi адбыцца выбарамi ў гэтак званую “Палату прадстаўнiкоў”.

Да апошняга часу абласная ўправа аховы здароўя зьмяшчалася на плошчах абласнога выканкаму i амаль цалкам займала адзiн з паверхаў у будынку ў цэнтры Берасьця. Першапачаткова плянавалася, што на новую адрэсу — у адрамантаваны будынак Цэнтру здароўя — пераедзе толькi цэнтралiзаваная бугальтэрыя гэтай аблвыканкамаўскае ўправы. Але раптоўна кiраўнiцтва берасьцейскае “вэртыкалi” зьмянiла свае намеры.

Было прынята рашэньне ў тым, што ўправа аховы здароўя ў поўным складзе павiнна пакiнуць будынак на галоўным пляцы гораду. На вызваленай тэрыторыi будзе разьмешчаны апарат новага намесьнiка старшынi абласнога выканкаму Леанiда Цупрыка, якi адказвае за iдэялягiчны кiрунак у працы мясцовае “вэртыкалi”. У прыватнасьцi, на гэтую службу ўскладзеныя абавязкi кантраляваць падрыхтоўку да восеньскiх выбараў у “Палату прадстаўнiкоў”.

Дарэчы, сам Леанiд Цупрык ужо правёў некалькi нарадаў са старшынямi акруговых выбарчых камiсiяў i пасьпеў выказаць сваё незадавальненьне ходам перадвыбарчае кампанii. Маўляў, зусiм ня тых людзей вылучылi ў якасьцi кандыдатаў у дэпутаты. Так, па адной зь берасьцейскiх акругаў, паводле агучанай спадаром Цупрыкам iнфармацыi, вылучаюцца ажно чатыры асобы, супраць якiх яшчэ ня спыненая крымiнальная справа.

Адкуль у намесьнiка старшынi абласнога выканкаму такiя зьвесткi, i чаму ён агучвае iх на нарадзе з прадстаўнiкамi выбарчых камiсiяў — гэтую акалiчнасьць зараз высьвятляюць сябры берасьцейскiх праваабарончых арганiзацыяў.

Што да чыноўнiкаў абласное ўправы аховы здароўя, дык яны не хаваюць раздражненьня ў сувязi з хуткiм пераездам на новае месца. Сваiмi паводзiнамi кiраўнiцтва “вэртыкалi” дае зразумець, што iдэялягiчны кiрунак дзейнасьцi для яе куды важнейшы, чым цiкавасьць да мэдычнае сфэры. Супрацоўнiкi гэтае ўправы ня вераць у словы аблвыканкамаўскага кiраўнiцтва пра часовы характар маючага адбыцца перасяленьня. Бо патрэба мясцовае вэртыкалi ў iдэялягiчнай апрацоўцы жыхароў з наблiжэньнем яшчэ аднае — прэзыдэнцкае выбарчае кампанii — будзе толькi расьці.

Алег Супрунюк, Берасьце


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org