RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Пятніца, 8 Верасьня 2000

Сёньня



Прафсаюз радыёэлектроннае прамысловасьці выключыў са сваіх шэрагаў генэральнага дырэктара навукова-вытворчага аб’яднаньня “Інтэграл” Віктара Емяльянава. Такое рашэньне было прынятае ў сувязі з дзеяньнямі Емяльянава, накіраванымі на развал прафсаюзу.

Сёньня шматтысячны калектыў “Інтэгралу” займаўся вырашэньнем прафсаюзных справаў. Паводле ўказаньня генэральнага дырэктара Віктара Емяльянава, на прадпрыемстве адбывалася заснаваньне, так бы мовіць, “уласнага” прафсаюзу. Тым часам у цэхах аб’яднаньня распаўсюджваліся ўлёткі, у якіх гучаў заклік да працаўнікоў “Інтэгралу” не ўступаць у гэтак званы “емяльянаўскі” прафсаюз. Улёткі распаўсюджваліся ад імя прафсаюзу радыёэлектроннае прамысловасьці. Вось што паведаміў нашаму радыё ягоны лідэр Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Тое, што адбываецца сёньня на “Інтэграле”, павінна было адбыцца, бо гэта ўваходзіць у тыя пляны, якія былі зрэжысэраваныя на самым высокім узроўні. І тое, што сёньня людзі ня ведаюць, куды іх пхае адміністрацыя на чале зь Емельянавым – у свой, емельянаўскі прафсаюз, мы чулі каля прахадной. Дадзена ўказаньне адміністрацыі прадстаўнікоў прафсаюза і асабіста мяне на тэрыторыю прадпрыемства не пускаць. Яны ведаюць, што гэта парушэньне закону аб прафсаюзах. Мы накіравалі ў пракуратуру свайго рода заяву, у якой просім пракуратуру, каб узбудзілі крымінальную справу па артыкуле 133 крымінальнага кодэксу. Сёньня ў нас адбыўся нечарговы прэзыдыюм. На ім не чакаючы, якім будзе выйсьце на “Інтэграле”, адзінагалосна выключылі за развал прафсаюзнага руху дырэктара прафсаюза Емельянава з членаў прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасьці”.

— зазначыў Генадзь Фядыніч.

На “Інтэграле” умяшаньне ўладаў у прафсаюзную дзейнасьць набыло найбольш адкрытую форму. Выконваючы ўказаньні ўладаў, генэральны дырэктар Емяльянаў днямі склікаў прафкам мясцовага прафсаюзу радыёэлектронікі і загадаў ім прагаласаваць за ліквідацыю 8-тысячнай прафсаюзнай арганізацыі ды стварэньне новай.

Бальшыня сяброў прафкаму ня вытрымала дырэктарскага ціску і ўхваліла “прафсаюзную” ідэю адміністрацыі. Аднак у асяродзьдзі многіх шэраговых “інтэгралаўцаў” гэты гвалт, учынены кіраўніцтвам аб’яднаньня, выклікаў абурэньне. І, паводле зьвестак на сёньняшні дзень, шмат хто зь іх байкатуе ўказаньні генэральнага дырэктара.

Генадзь Фядыніч працягвае:

(Фядыніч: ) “Тое, што адбываецца на “Інтэграле” сёньня, інакш як беззаконьне не назавеш. Людзей прымушаюць сёньня падпісвацца пад пустымі лістамі, ставіць свае пашпартныя дадзеныя. Калі яны пытаюць, для чаго гэта робіцца, ім адказваюць, што гэта наш аддзел кадраў зьвярае вашыя росьпісы. Частцы людзей, асабліва гэта датычыцца начальнікаў цэхаў і ўчасткаў, пастаўленая задача: “Калі вы не зьбярэце гэтыя подпісы, то заяву на стол і шукайце сабе працу ў іншым месцы”. Мы сёньня сустракаліся на прахадной у сем гадзінаў раніцы на прахадной з шэрагам працаўнікоў. Яны ўсе ўзьюшаныя гэтай абстаноўкай і просяць дапамагчы ім, бо іх туды пхаюць сілком, кажуць, што зараз нічога ня могуць зрабіць. Ёсьць шмат тых, хто адмаўляецца ад роспісаў – іх бяруць тут жа на заметку. А тыя, хто пастаавіў подпіс, пытаюцца, якім чынам ім адклікаць гэты подпіс, бо ім ніхто нічога не тлумачыў”.

— паведаміў Генадзь Фядыніч. Паводле ягоных словаў, падзеі на “Інтэграле” атрымалі гучны розгалас у асяродзьдзі прафсаюзнага актыву краіны. У прыватнасьці, на наступным тыдні мяркуецца абмеркаваньне іх на пазачарговым паседжаньні прэзыдыюму Фэдэрацыі прафсаюзаў.

Міхал Стэльмак, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org