RFE/RL |
Пятніца, 8 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Выйшаў чарговы нумар штотыднёвіка “Рабочы”. Пытанне аб выбарах у Палату прадстаўнікоў сёньня прынцыповае для беларускіх палітыкаў. Што такое у нашых сучасных умовах барацьба за дэпутацтва – пошук новага шляху ці змова з рэжымам? Наколькі маральна для таго, хто лічыць сябе дэмакратам, гуляць па правілах Лукашэнкі? Пад рубрыкай “Байкот-2000: за і супраць” спрэчку на старонках “Рабочага” вядуць два вядомых у нашай палітыцы чалавека, адносіны якіх да выбараў рэзка супрацьлеглыя. Гэта вядомы публіцыст Аляксандар Фядута (ён зараз балятуецца па адной з менскіх акругаў) і эканаміст, намесьнік старшыні Аб’яднанай Грамадзянскай партыі (АГП) Павал Данейка, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня. А працягвае размову пра выбары справаздача з прэсавай канфэрэнцыі Анатоля Лябедзькі і Вінцука Вячоркі пасьля вяртаньня іх з 3-й тэхнічнай канфэрэнцыі АБСЭ. Карэспандэнт “Рабочага” зьвяртае ўвагу на моманты, якія апынуліся па-за межамі публікацыяў у іншых СМІ... * * * “Можна, зразумела, сёньня зрабіць дырэктараў стрэлачнікамі, загнаць рэпрэсыўнымі мерамі ня проста ў кут (там яшчэ можна бачыць сьвет і дыхаць паветрам), а ў глухія лёхі. Але што – нашы заводы стануць прыбытковыя, а людзі багатымі?” Гэтае меркаваньне былога генэральнага дырэктара вытворчага аб’яднаньня «БелаўтаМАЗ», а зараз – старшыні Беларускай канфэдэрацыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Міхаіла Лаўрыновіча наконт шумнай кампаніі вакол вяртаньня даўгоў па зарплаце. Чаму праблема даўгоў узьнікла, і чым небяспечнае яе вырашэньне каманднымі мэтадамі – эканамічная тэма нумару. * * * Хутка славуты Менскі касьцёл сьвятых Сымона і Алены – той самы, вядомы кожнаму жыхару беларускай сталіцы “чырвоны касьцёл” – будзе адзначаць сваё 90-годзьдзе. Ягоны пробашч, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, таксама адзін з герояў нумару. Для сустрэчы мелася яшчэ адна нагода – Амэрыканскі біяграфічны інстытут прызнаў Уладзіслава Завальнюка “чалавекам году”. * * * Колькі плаціць сантэхніку? Што рабіць з сябрам, які не вяртае пазыку? Ці ўкладваць грошы ў ювелірнае золата? Адказ на гэтыя пытанні – у тэматычнай старонцы нумару “Кашалёк”. * * * “Лісты з мінулага” – гэтая рубрыка зьявілася на старонках газэты ў мінулым месяцы. І вось – чарговы яе выпуск. Матэрыял “Дарагі таварыш Сталін...” пабудаваны на захаваных ў архівах пісьмах, якія жыхары Беларусі пісалі кіраўніцтву Савецкага Саюза і БССР у 1950 годзе. * * * Ну а чарговы выпуск “Беларускага календара” прысьвечаны бадай што самай яркай гістарычнай даце дзён – чарговай гадавіне бітвы пад Воршай. * * * І – неабходная аб’ява: той, хто аформіць падпіску на “Рабочы” зараз, будзе атрымліваць газэту штотыднёва ўжо з пачатку наступнага месяца. Менчукi могуць атрымлiваць газэту яшчэ i праз кiёскi Белсаюздруку. Для гэтага трэба зьвярнуцца да работнiка кiёска, дзе вiсiць аб’ява-паведамленьне пра тое, што менавiта тут афармляюць падпiску на газэту “Рабочы”. Такiх кiёскаў па Менску пяцьдзесят. Пры гэтым будзьце ўважлiвыя: абавязкова пазначце нумар кiёска, праз якi вы хочаце атрымлiваць газэту. Нагадаем падпiсны iндэкс — 63437. Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты.
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |