RFE/RL |
Пятніца, 8 Верасьня 2000 |
Сёньня |
(эфір 7 верасьня) Заходняя прэса надае дастаткова ўвагі маючым адбыцца ў красавіку выбарам ў лукашэнкаўскі парлямэнт. Нямецкая газета Suddeutsche Zeitung зьмясьціла артыкул, прысьвечаны ўдзелу аднаго з прадстаўнікоў беларускай апазыцыі Міколы Статкевіча ў перадвыбарчай барацьбе. Газэта называе Статкевіча “чалавекам, які паўтарае свае дзеяньні” і адзначае, што у змаганьні з рэжымам Лукашэнкі Статкевіч быў вымушаны неаднаразова парушаць закон, што пагражае яму двума гадамі зьняволеньня. Колькі разоў улады арыштоўвалі Статкевіча? “Я не магу ўжо і падлічыць колькі. Фактычна пасьля кожнай вялікай дэманстрацыі”, – адказвае Статкевіч, пра якога таксама паведамляецца, што ён кандыдат тэхнічных навук і былы падпалкоўнік ракетных войскаў, які быў звольнены з войска за пратэсты супраць вайсковага хаўрусу з Расеяй. Цяпер, паводле газэты, лідэр сацыял-дэмакратаў спрабуе палепшыць становішча ў краіне тым, што намагаецца стаць дэпутатам беларускага парлямэнту. Пры гэтым Suddeutsche Zeitung прыводзіць меркаваньне назіральнікаў АБСЭ пра выбарчы кодэкс, на падставе якога праходзяць выбары. “Мы крытыкуем гэты кодэкс, паколькі ён не забясьпечвае назіраньне за выбарамі прадстаўнікоў апазыцыі і таму ня можа гарантаваць дэмакратычнасьць выбараў”, – цытуе нямецкая газета назіральнікаў АБСЭ ў Беларусі. Таксама згадваюцца меркаваньні пра абмежаванасьць паўнамоцтваў “Палаты прадстаўнікоў”, у прыватнасьці меркаваньне самога Міколы Статкевіча, які лічыць, што беларускі прэзыдэнт сканцэнтраваў у сваіх руках большую частку паўнамоцтваў парлямэнту. Хаця партыя Статкевіча ня будзе браць удзелу ў выбарах, сам ён лічыць байкот выбараў памылкай, – піша Suddeutsche Zeitung і пералічае наступныя аргументы лідэра “Народнай грамады”: што апазыцыя ня мае дастатковага аўтарытэту, каб утрымаць людзей ад ўдзелу ў выбарах. Многія баяцца, што страцяць працу, калі ня пойдуць галасаваць. Між тым, байкот можа мець і адваротны вынік – калі выбары не адбудуцца, Лукашэнка будзе далей адзін, без парлямэнту, кіраваць краінай. Нямецкая газета падае пазыцыю Аб’яднанай Гармадзянскай партыі, якая цалкам байкатуе выбары, лічачы іх дарэмнай стратай часу. Галоўнае – гэта прэзыдэнцкія выбары 2001 году, – прыводзіць газэта меркаваньне намесніка старшыні АГП Аляксандра Дабравольскага. Між тым Статкевіч і ягоныя сябры бачаць другі шлях да перамогі – яны зьбіраюцца правесьці ў парлямэнт як мага больш незалежных ад ўлады кандыдатаў, прывабных для выбаршчыкаў. 30 кандыдатаў гатовыя падтрымаць сацыял-дэмакраты ў трэцяй частцы выбарчых акругаў, пераважна ў вялікіх гарадах. Канешне, чакаецца, што ўлады будуць процідзейнічаць незалежным кандыдатам, асабліва Мікалаю Статкевічу ды экс-прэм’еру Міхаілу Чыгіру, – піша Suddeutsche Zeitung. – Аднак лідэр сацыял-дэмакратаў ўсё ж настроены аптымістычна. Будучы сацыял-дэмакратычны парлямэнт, – лічыць Статкевіч, – можа эфэктыўна супрацьстаяць лукашэнкаўскаму самаўладзю і нават пакласьці яму канец. Але дзеля гэтага ня трэба ізалявацца ад народа, – прыводзіць газэта словы Статкевіча і згадвае ягонае меркаваньне, што альтэрнатывай ўдзелу ў выбарах зьяўляецца байкот і яшчэ пяць гадоў вулічнай барацьбы. Алег Грузьдзіловіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |