RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Чацьвер, 7 Верасьня 2000

Сёньня



У Менску быў утвораны арганізацыйны камітэт у правядзеньні 1 кастрычніка акцыі пад назваю “Марш Свабоды 3”. У аргкамітэт ужо ўвайшло каля 40 чалавек. “Марш Свабоды” пройдзе ў рамках апазыцыйнае кампаніі байкоту восеньскіх выбараў.

У сёньняшнім, першым паседжаньні аргкамітэту бралі ўдзел лідэры наступных партый: БНФ — Вінцук Вячорка, АГП — Анатоль Лябедзька, БСДГ — Станіслаў Шушкевіч, намесьнік старшыні “Народнае Грамады” — Аляксей Кароль, ды іншыя вядомыя апазыцыянэры. Старшынём аргкамітэту “Маршу Свабоды” абраны прафэсар Юры Хадыка. Пакуль у аргкамітэт увайшло прыкладна 40 чалавек, але арганізатары “Маршу” маюць намер працягваць збор подпісаў яшчэ некалькі дзён. На іхную думку, у аргкамітэт павінна ўваходзіць ня менш за 100 чалавек. Адпаведная заяўка ў Менскі гарадзкі выканкам будзе пададзеная не пазьней за наступны аўторак.

Плянуецца, што ўдзельнікі “Маршу Свабоды 3” зьбяруцца 1 кастрычніка а 12-й гадзіне на пляцоўцы ля Акадэміі навук. Адтуль, дэманстранты зьбіраюцца прайсьці па праезнай частцы праспэкту Францішка Скарыны да пляцу Незалежнасьці, дзе адбудзецца мітынг. Пры гэтым, сябры аргкамітэту не зьбіраюцца прасіць у чыноўнікаў дазвол на правядзеньне акцыі. Яны толькі паведамляюць гарадзкі выканкам пра тое, што будуць праводзіць “Марш Свабоды” ў межах выбарчае кампаніі: “за сумленныя выбары, супраць выбарчага фарсу”. Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка так ахарактарызаваў мэты “Маршу Свабоды”:

(Вячорка: ) “У заяўцы, якая пойдзе ў гарвыканкам, будзе гаварыцца, што, па-перашае, акцыя адбываецца ў рамках выбарчага часу, бо мы выказваем сваё стаўленьне да выбарчага фарсу, і мяркуем, дарэчы, што на такія акцыі дазвол у прынцыпе не патрэбны. Мы будзем спадзявацца на каардынацыю, мы ветліва інфармуем гарадзкія ўлады пра акцыю, прысьвечаную нашаму стаўленьню да выбарчага фарсу. Асноўны лёзунг – за свабодныя дэмакратычныя выбары, за рэальныя выбары. Але гаворачы, што пра рэальныя выбары, мы ў той жа час гаворым пра незалежнасьць, пра будучыню нашай краіны, як незалежнай дзяржавы. Звышмэта Марша-3 такая ж самая, як і папярэдніх маршаў – незалежнасьць, дэмакратыя, не – дыктатуры”.

Паведаміў спадар Вячорка.

Арганізатары “Маршу Свабоды” не зьбіраюцца саступаць уладам і адмаўляцца ад прапанаванага маршруту шэсьця праз цэнтар гораду. Паводле сябраў аргкамітэту, іх не хвалюе тое, што ўлады могуць забараніць марш. На іхную думку, у такім выпадку афіцыйны Менск засьведчыць усяму сьвету ў тым ліку й міжнароднай тэхнічнай групе, якая прыедзе ў Беларусь, чаго вартыя заявы ўладаў наконт пэрыяду даверу, які цяпер нібыта пануе ў краіне. Акрамя гэтага, на працягу ўсяго перадвыбарчага пэрыяду, апазыцыянэры будуць штодня інфармаваць прадстаўнікоў АБСЭ, ПА Рады Эўропы і Эўрапарлямэнту пра ўсе парушэньні ўладамі правоў чалавека ў Беларусі.

Старшыня арганізацыйнага камітэту Юры Хадыка заклікаў прысутных узяць удзел у заўтрашнім сьвяткаваньні Дня беларускае вайсковае славы і прыйсьці а 18-й гадзіне ў парк імя Янкі Купалы. Прадстаўнікі аргкамітэту таксама вырашылі падтрымаць ініцыятыву Аб’яднанае Грамадзянскае партыі, якая ад 15 верасьня мае намер правесьці ў Менску 40 агітацыйных пікетаў за байкот выбараў. На думку спадароў Лябедзькі, Вячоркі ды іншых, на правядзеньне гэтых пікетаў ня трэба ніякага дазволу, бо яны будуць праходзіць у рамках афіцыйнай агітацыйнае кампаніі.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org