Міжнародныя структуры, якія вынясуць вэрдыкт адносна
парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, будуць грунтавацца на дадзеных трох арганізацыяў:
Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека, Кансультацыйна-назіральнае
групы АБСЭ ў Менску й Цэнтральнае Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня
за выбарамі. Такая інфармацыя прагучала сёньня з вуснаў кіраўніка КНГ АБСЭ
амбасадара Віка пад час ягонае сустрэчы з экспэртамі мас-мэдыя ад палітычнай
апазыцыі.
Ганс-Георг Вік патлумачыў, што апошняе слова ў прызнаньні або непрызнаньні
парлямэнцкіх выбараў у “Палату прадстаўнікоў” дэмакратычнымі й свабоднымі
будзе належаць тым арганізацыям, якія зьбіраліся 30 жніўня ў Вене на трэцюю
тэхнічную канфэрэнцыю. Аднак у сваім рашэньні яны найперш будуць абапірацца
на дадзеныя, што падрыхтуюць для іх два структурныя падразьдзяленьні АБСЭ
— Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека і Кансультацыйцна-назіральная
група ў Менску, а таксама Цэнтральная Каардынацыйная рада ў справе назіраньня
за выбарамі, якая аб’ядноўвае ўсіх унутраных беларускіх назіральнікаў.
Згодна са сваім статутам, Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека
мае права накіраваць сваіх прадстаўнікоў у краіну, дзе адбываюцца выбары,
за месяц да першага дня галасаваньня. Такім чынам, тэарэтычна прадстаўнікі
Бюро могуць ужо праз тыдзень зьявіцца ў Беларусі.
Аднак тэхнічныя экспэрты Бюро не бяруць на сябе функцыяў паўнамоцных
міжнародных назіральнікаў. І на гэтым амбасадар Вік асабліва засяродзіў
увагу, калі падкрэсьліў, што спэцыфічная сытуацыя ў Беларусі не дае магчымасьці
вынесьці канчатковы вэрдыкт аб прызнаньні выбараў дэмакратычнымі толькі
Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека. Хаця ў краінах, дзе сытуацыя
не такая складаная, як у Беларусі, права вэрдыкту аддаецца менавіта Бюро.
Амбасадар Вік пацікавіўся ў экспэртаў, калі — цяпер або пад час выбараў
у Вярхоўны Савет 13 скліканьня — умовы выбарчае кампаніі былі больш дэмакратычнымі?
Адказалі на пытаньне Вячаслаў Герасіменка і Ўладзімер Нісьцюк — людзі,
якія пяць год таму былі абраныя дэпутатамі, і таму лепш за іншых могуць
параўнаць сытуацыю ў 1995 і 2000 гадох. Абодва ўпэўненыя, што пяць год
таму такога жорсткага прэсынгу з боку ўлады не было.
Уладзімер Глод, Менск
|