RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 6 Верасьня 2000

Сёньня



У Менску ў амбасадзе Ізраіля адбылася ўрачыстая цырымонія ганараванья Праведнікаў Народаў Сьвету — тых беларусаў, якія ў часе Другой Ўсясьветнай вайны ратавалі габрэяў.

Сёньняшнюю цырымонію распачаў амбасадар Ізраіля ў Беларусі Марцін Пелед-Флэкс:

(Пелед-Флэкс: ) “Пад час чорных дзён тэрору, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назваю Галакост, гэтыя людзі рызыкавалі сваім жыцьцём і жыццём сваёй сям’і ў гераічнай барацьбе супраць нацызму. Яны ратавалі іншых людзей, габрэяў, якіх фашысты зьнішчалі толькі за тое, што яны нарадзіліся габрэямі”.

Гэта быў ізраільскі амбасадар Марцін Пелед-Флэкс, які сёньня ганараваў беларускіх Праведнікаў Народаў Сьвету.

Адна зь іх — Надзея Салаўёва зь Менску. Яна дагэтуль лічыць, што не зрабіла нічога асаблівага.

(Салаўёва: ) “Я лічу, што кожны чалавек павінен зрабіць чалавечае. Я не лічу, што мы зрабілі нешта саблівае”.

Гэта была Надзея Салаўёва. Пад час вайны яна разам з маці Ганнай Крэзо жыла ў Менску. У сакавіку 43-га году ў іх дом прыйшла Ліза Рудэрман. Яна прывяла свайго малога сына Лёню. Ліза адчувала, што ня выжыве ў гета, і спрабавала выратаваць сына. Яна пакінула малога ў Надзеі і яе маці. Празь некаторы час Ліза Рудэрман загінула ў гета. А маленькі Лёня жыў з Ганнай і Надзеяй увесь час акупацыі. Пасьля вайны высьветлілася, што ягоны бацька загінуў на фронце, і тады Ганна ўзяла апякунства над Лёнем Рудэрманам. Ён жыў у іх сям’і да 1963 году.

Сёньня рашэньнем адмысловае камісіі мэмарыяльнага Інстытуту Катастрофы й Гераізму эурапейскага габрэйства “Яд Вашэм” Ганьне Крэзо і яе дачцы Надзеі Салаўёвай прысвоена ганаровае званьне Праведнік Народаў Сьвету. Таксама Праведнікамі прызнаныя беларусы Антаніна Рудакова, Адам Вярбіцкі, Кандрат Лялькоў і ягоная дачка Вольга.

Сёньня ў сьвеце вядома больш за 16 тысяч Праведнікаў. За час працы ізраільскай амбасады ў Беларусі з кастрычніка 1993 году больш за трыста жыхароў Беларусі прызнаная Праведнікамі Народаў Сьвету.

Ганна Соусь, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org