RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Серада, 6 Верасьня 2000

Сёньня



Старшыня Сталага камітэту Ўсекітайскага Сходу народных прадстаўнікоў Лі Пэн вырашыў на некалькі гадзін падоўжыць сваё знаходжаньне ў Менску, каб мець магчымасьць 7 верасьня сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, які вяртаецца зь Нью-Ёрку, з «Саміту Тысячагодзьдзя» заўтра.

Гэты візіт Лі Пэна стаў досыць нечаканым. Аб ім Лі Пэн і Анатоль Малафееў дамовіліся 1 верасьня ў Нью-Ёрку, на сустрэчы сьпікераў парлямэнтаў краінаў сьвету. Вяртаючыся зь Нью-Ёрку празь Вільню Лі Пэн заехаў у Менск.

Лі Пэн нагадаў, што ўпершыню ён наведаў беларускую сталіцу і сустрэўся з Лукашэнкам у 1995 годзе яшчэ ў ранзе прэм'ера Дзяржаўнае Рады КНР. Цяпер ён жадае наладжваць больш шчыльныя парлямэнцкія сувязі, пра што й заявіў на сустрэчы з Анатолем Малафеявым.

Апошні два гады таму пабываў у Кітаі зь візытам і да гэтага часу перапоўнены ўражаньнямі:

(Малафееў: ) «Вярнуўшыся зь Кітаю, мы сталі прапагандыстамі вашага цяперашняга ладу жыцьця, мы не пайшлі шляхам разбурэньняў, а пайшлі па шляху рэфармаваньня краіны. І на гэтым шляху дасягнулі вялікіх вынікаў: народ накормлены, апрануты, заняты справаю, мае працу й заробак».

Анатоль Малафееў паабяцаў заўсёды быць надзейным сябрам кітайскіх таварышаў.

Прэм'ер ураду Беларусі Ўладзімер Ярмошын таксама сказаў Лі Пэну колькі прыемных словаў:

(Ярмошын: ) «Мы ў сваёй дзейнасьці таксама прытрымліваемся аднаго з галоўных кірункаў — прызнаньне Кітайскай Народнай Рэспублікі цэласнай і адзінай на плянэце Зямля кітайскай дзяржаваю».

Уладзімер Ярмошын, відавочна, меў на ўвазе праблему Тайваню. Паводле ягоных словаў, беларуска-кітайскі гандаль разьвіваецца добра, таваразварот паміж дзьвюма дзяржавамі вырас зь 90 млн. даляраў ЗША ў 1995 годзе да 207 млн. у 99-м. Цяпер Кітай займае сёмае месца ў беларускім гандлі з краінамі далёкага замежжа. Як паведамілі ў беларускім урадзе, амаль 72 адсоткі беларускага экспарту ў Кітай складаюць калійныя ўгнаеньні, акрамя таго, Беларусьсю пастаўляюцца інтэгральныя схемы, аўтамабілі. Беларусь падпісала з Кітаем больш за 80 кантрактаў у ваенна-тэхнічнай галіне, 60 — ужо выкананыя.

Прадметам гонару беларускага прэм’ера зьяўляецца створанае ў Кітаі супольнае прадпрыемства “Санцзян-Волат” з удзелам Менскага заводу колавых цягачоў, якое ўжо выпусьціла першыя шасі. Сёлета гэтае прадпрыемства павінна выпрадукаваць яшчэ 48 цягачоў пераважна для вайсковых патрэбаў. Адначасова ўрад Беларусі рыхтуецца да адкрыцьця ў Кітаі сэрвіснага цэнтру Менскага заводу колавых цягачоў.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org