RFE/RL |
Аўторак, 5 Верасьня 2000 |
Сёньня: |
У суседнiх зь Беларусьсю краiнах так сур’ёзна паставiлiся да праблемы тэрарызму, што пачалi рыхтавацца да магчымых тэрактаў. Мiнулай ноччу памежная варта Латвii "змагалася" з тэрарыстам, якi захапiў цягнiк Рыга–Гомель ды запатрабаваў грошай i мажлiвасьцi бесьперашкодна выехаць у краiну Аляксандра Лукашэнкi. Сьведкаю падзеяў на латвiйска-беларускай мяжы стаў наш карэспандэнт… А 23-й гадзiне паводле беларускага часу ў ноч з панядзелка на аўторак на апошняй латвiйскай станцыi Iндра пад час праверкi дакумэнтаў у вагоне нумар 6 пасажырскага цягнiка Гомель–Рыга нечакана закрычаў чалавек. Ён запатрабаваў 50 тысячаў даляраў i дазволу на бесьперашкодны выезд з Латвii ў Беларусь, пагражаючы забiць захопленага iм латвiйскага памежнiка. Памежная варта Латвii адразу пачала перамовы па рацыi, якiя запiсаў ваш карэспандэнт. (Чутныя галасы на латыскай мове, пасьля iх — па-расейску: ) «Гаварыце па-руску, я нiчога не разумею з таго, што вы там прамiж сабой прамаўляеце!» — «Дык мы ўжо запусьцiлi ў ход мэханiзм, дамаўляемся наконт вашых 50 тысячаў баксаў». — «Пра мэханiзм ты нам потым будзеш расказваць…» Зьбянтэжаныя пасажыры сядзелi ў сваiх купэ моўчкi, падумаўшы, што вось i яны трапiлi ў гiсторыю, пакуль не пачулi наступнае… (Голас: ) «Стаяць, сука, зарэжу! (сьмех) Я тыбя ны болна зарэжу!.. Эй, касацiк, давай старшага мне, гаварыць буду!» Пачуўшы пародыю на каўкаскi акцэнт, ашаломленыя пасажыры шостага вагона таксама пачалi сьмяяцца. Яны ўжо зразумелi, што латвiйская памежная варта праводзiла вучэньнi ў барацьбе з тэрарызмам. Цiкава, што на мяжы з пакуль яшчэ сувэрэннай Беларусьсю суседзi ўжо рыхтуюцца затрымлiваць тэрарыстаў з Каўказу. Канчаткова разьвесялiў пасажыраў фiнальны пасаж перамоваў зь iлжэтэрарыстам: (Галасы: ) «Ну, добра, мяне застрэлiлi, хай так будзе, згодны… (сьмех) Скажы: аднаго з вашых ужо завалiлi». — «Аднаго з вашых я толькi што застрэлiў, зразумеў мяне цi не?» — «Ну, тады скiдвайце цану!» — «Анiякае цаны мы ня скiнем, iнакш зараз атрымаеш другi труп!» Шосты вагон цягнiка Гомель–Рыга ўвесь рагатаў: латвiйскiя памежнiкi пераблыталi перамовы з тэрарыстам i таргi на аўкцыёне. На жаль, як нечакана гэтыя вучэньнi пачалiся, так жа нечакана й скончылiся, таму не давялося ўзяць камэнтар да гэтай апэрацыi ды высьветлiць, цi была яна ўзгодненая зь беларускiм бокам. Юры Сьвiрко, Рыга–Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |