RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 5 Верасьня 2000

Сёньня



Арганізатары сьвяткаваньня Дня беларускае вайсковае славы Віктар Івашкевіч і Юры Хадыка былі запрошаныя на размову ў сталічную ўправу ўнутраных справаў. Міліцыянтаў цікавіла, ці не адмовіліся яны праводзіць сьвята ў цэнтры Менску. На думку апазыцыянэраў, ёсьць верагоднасьць, што сёлетнія ўгодкі перамогі пад Воршаю пройдуць спакойна.

Сустрэча з кіраўніцтвам менскае міліцыі працягвалася больш за гадзіну і, падобна, бакі знайшлі паразуменьне. Гаворыць намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Я спадзяюся, што ўскладаньне кветак і гуляньні ў парку Янкі Купалы, магчыма. Пройдуць без усялякіх інцыдэнтаў. Я зьвярнуў увагу начальніка ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі, што гэта будзе добрая рэкляма правам чалавека ў Беларусі. Паглядзім, што будзе. Лукашэнкі ў гэты дзень ня будзе.. Так што будзе ўсё спакойна”.

Лічыць спадар Хадыка.

Ён таксама не выключае, што ўлады ня будуць разганяць удзельнікаў сьвяткаваньня, бо перад выбарамі 15 кастрычніка яны не зацікаўленыя ў гэтым.

Прадстаўнікі апазыцыі ўжо прынялі канчатковае рашэньне праводзіць акцыю ў парку Янкі Купалы. Сьвята там пачнецца а палове на сёмую ўвечары 8 верасьня. У праграме ўскладаньне кветак да помніка паэту, выступы самадзейных і прафэсійных калектываў, рыцарскія баі й г.д. Гэтаму сьвяткаваньню будзе папярэднічаць ускладаньне вянка дэлегацыяў апазыцыі да помніка Перамогі. Шэсьце ўдзельнікаў сьвята ад пляцу Перамогі да парку Купалы, як меркавалася раней, вырашылі не праводзіць.

А кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ афіцыйна абмяжуе свой удзел у сьвяткаваньні толькі ўскладаньнем кветак да помніка Купалу.

Як вядома, Менскі гарадзкі выканкам забараніў арганізатарам сьвяткаваньня Дня беларускае вайсковае славы праводзіць урачыстасьці ў раёне пляцу Перамогі й парку Янкі Купалы, традыцыйна адаслаўшы на пляц Бангалёр. Ініцыятары не пагадзіліся з такім рашэньнем і афіцыйна адмовіліся ад заяўкі. Паводле словаў лідэра партыі БНФ Вінцука Вячоркі, удзельнікі сьвята хочуць ускласьці кветкі менавіта да помніку Янку Купалу, а зрабіць гэта на пляцы Бангалёр няма ніякае магчымасьці.

На думку спадара Вячоркі, на ўскладаньне кветак да помнікаў, ці на тэатралізаванае відовішча ніякі адмысловы дазвол уладаў не патрэбны. А Віктар Івашкевіч увогуле лічыць, што апазыцыя ня мусіць больш выконваць загады ўладаў і праводзіць свае акцыі на ўскрайку гораду. На ягоную думку, беларускія грамадзяне маюць права праводзіць свае акцыі ў любым месцы, тым больш, што напярэдадні выбараў гэтага ж вымагаюць ад уладаў і міжнародныя арганізацыі.

Альгерд Невяроўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org