RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 5 Верасьня 2000

Сёньня



Учора за раскідваньне ўлётак з заклікам да байкоту выбараў менская міліцыя затрымала студэнта БДУ Аляксандра Кадукова. На працягу дня яго ўтрымлівалі ў Партызанскім РАУСе Менску. Пасьля таго, як быў складзены пратакол, зроблена відэаздымка затрыманага і ўзятыя адбіткі пальцаў, начальнік міліцыі выклікаў здымачную групу Беларускае тэлевізіі. Журналісты БТ прасілі, каб студэнт даў інтэрвію, у якім бы заявіў, што “апазыцыя” заплаціла яму грошы за раскідваньне ўлётак.

Учора ўраніцу супрацоўнікі міліцыі затрымалі Аляксандра Кадукова, студэнта 5 курсу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, ля пад’езду жылога дома на вуліцы Баграціёна. Ён раскідваў у паштовыя скрыні ўлёткі з заклікам да байкоту выбараў.

Юнака адвезьлі ў Партызанскі РАУС. Там доўга вагаліся, на падставе якога артыкулу складаць пратакол. Спачатку вырашылі — за антысанітарыю. Потым начальнік аддзелу загадаў скласьці новы пратакол — паводле артыкулу 167 (парушэньне заканадаўства аб выбарах, публічныя заклікі байкатаваць выбары…).

Пасьля гэтага ў крымінальным аддзеле ў Аляксандра Кадукова ўзялі адбіткі пальцаў і зьнялі яго на відэастужку. Звычайна так абыходзяцца з тымі, каго падазраюць у цяжкіх крымінальных злачынствах. Але начальніку Партызанскага РАУСу Віктару Красьнічэнку падалося, што й гэтага недастаткова, і ён выклікаў здымачную групу Беларускае тэлевізіі.

Гаворыць Аляксандар Кадукоў:

(Кадукоў: ) “Калі ў РАУС запрасілі журналістаў беларускага тэлебачаньня, яны мяне папрасілі даць інтэрвію аб тым, што мне плацілі грошы за раскідваньне ўлётак. Я адмовіўся гэта рабіць, але на маю просьбу выдаліць з пакою журналістаў начальнік РАУС ніяк не адрэагаваў. Журналітсы працягвалі мяне ўгаворвапць, але яны ўсё ж не здымалі, адыйшлі ад камэры і запісвалі ў нататнікі”.

Пасьля яшчэ аднаго допыту ў прысутнасьці журналістаў БТ студэнта-дыплёмніка павялі да адміністрацыйнае судзьдзі, і тая без адваката, без апытаньня сьведкаў і нават без размовы з затрыманым выпісала штраф на суму пяць з паловаю тысячаў рублёў. Яе нават не зьбянтэжыў той факт, што новы Выбарчы кодэкс байкот не забараняе. Разгляд судовае справы абмежаваўся толькі адной фразаю: “Вось табе квітанцыя, заплаці як мага хутчэй штраф”.

Але й пасьля гэтага Аляксандра не адпусьцілі. Яго зноў прывялі ў РАУС і там трымалі каля васьмі гадзінаў, не дазваляючы патэлефаніць сваякам. Толькі ўвечары а восьмай гадзіне апэратыўная група крымінальнага вышуку павезла яго дадому, каб там зрабіць ператрус. Натуральна, санкцыі пракурора ў іх не было.

Вось як пра гэта распавёў радыё Свабода сам Аляксандар Кадукоў:

(Кадукоў: ) “Апэратыўны супрацоўнікі прайшоўся па маёй кватэры, зайшоў на балкон і ўбачыў улёткі. Ён папрасіў іх вынесьці ў пакой і склаў акт аб канфіскацыі. Ён паглядзеў відэакасэты. Калі я сказаў, што ў мяне фільмаў амаль няма, толькі музыка, ён папрасіў, што калі ёсьць хоць адзін фільм, даць яму паглядзець і ўзяў у мяне дзьве відэакасэты. На адной з касэт быў фільм “Отходная молитва”, а на другой фільм “Чистилище” Аляксандра Няўзорава. Ён сказаў, што заўтра я павінен буду зьявіцца ў аддзел а 10 гадзіне раніцы. Калі я спытаў зь якой мэтай, ён адказаў, што заўтра даведаюся”.

Паведаміў Аляксандар Кадукоў.

Сёньня ў апэратыўным аддзеле Партызанскага РАУСу відэакасэты вярнулі, а вось пракамэнтаваць на дыктафон учорашняе затрыманьне карэспандэнту радыё Свабода адмовіліся. Начальнік Партызанскага РАУСу Віктар Красьнічэнка таксама адмовіўся размаўляць з журналістам радыё Свабода, спаслаўшыя на тое, што з журналістамі ён увогуле не размаўляе. Калі я яму нагадала пра тое, што ўчора ён сябе паводзіў інакш — начальнік нічога пэўнага адказаць ня змог.

Любоў Лунёва, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org