RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Аўторак, 5 Верасьня 2000

Сёньня:



У Менску знаходзіцца дэлегацыя Ірану на чале зь міністрам гандлю Махамадам Шарыятмадары. 5 верасня ў Беларусь прыбывае і дэлегацыя Кітая на чале са старшынём сталага камітэту Ўсекітайскага Сходу народных прадстаўнікоў Лі Пэнам. Лукашэнка тым часам завяршае свой афіцыйны візыт на Кубу. Гэтае сымбалічнае супадзеньне сьведчыць пра цяперашнія прыярытэты замежнае палітыкі Беларусі.

У Менску прайшло трэцяе паседжаньне Зьмешанае беларуска-іранскае камісіі ў справе эканамічнага супрацоўніцтва. Беларускі прэм'ер-міністар Уладзімер Ярмошын заявіў, што разглядае стасункі зь Іранам як прыярытэтныя і лічыць іранскую эканоміку пэрспэктыўнаю, хаця цяперашні ўзровень узаемных гандлёвых стасункаў ня можа задавальняць абодва бакі.

За шэсьць месяцаў 2000 году таваразварот паміж Беларусьсю ды Іранам склаў 8 мільёнаў 796 тысячаў даляраў ЗША. Аляксандру Лукашэнку, які фактычна пераарыентаваў беларускую замежную палітыку з Захаду на Ўсход, у выпадку зь Іранам удалося й нечага дамагчыся: двухбаковы гандаль шматразова вырас: з 89 тысячаў даляраў у 1993 годзе да 15,6 мільёна — у 99-м. У рэальнасці ж, гэта няшмат. Прычым, абсалютная перавага прыпадае на беларускі экспарт у Іран — 13,8 мільёна даляраў. Імпарт зь Ірану не дацягвае і да двух мільёнаў.

Беларусь прадае ў Іран хімічныя валокны, матацыклы, оптыку, станкі, шыны, калійныя угнаеньні, а імпартуе сыравіну для тытунёвае ды харчовае прамысловасьці.

Акрамя таго, ажыцьцяўляецца й ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Як паведаміў экспэрт у гэтай галіне з газэты «Белорусский рынок» Аляксандар Алесін, Беларусь цяпер пастаўляе Ірану запасныя часткі для танкаў савецкага ўзору, а таксама аказвае паслугі ў іх рамонце.

Тым ня менш, нельга сказаць, што Іран, які дасюль застаецца паўзакрытаю краінаю, празьмерна зацікаўлены ў Беларусі. У Тэгеране некалькі гадоў дзейнічае беларуская амбасада, у Менску ж працуе толькі беларускі памочнік іранскага амбасадара, што стала знаходзіцца ў Кіеве. Лукашэнка ўжо адведаў Іран з афіцыйным візытам, а беларускі ўрад усё чакае іранскага міністра замежных справаў ды іранскага прэзыдэнта Хатамі зь візытам у Менск. Міністар гандлю Ірана Махамад Шарыятмадары выказаў думку, што Лукашэнка й Хатамі змогуць сустрэцца на “Саміце Тысячагодзьдзя” ў Нью-Ёрку. Лукашэнка заўтра мусіць там выступіць з дакладам.

Тым часам увечары 5 верасня ў Менск прыбывае кіраўнік кітайскага парлямэнту Лі Пэн. Іран, Куба ды Кітай сталі беларускімі замежнапалітычнымі прыярытэтамі.

Валер Каліноўскі, Менск


Архіў
 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org