RFE/RL |
Аўторак, 5 Верасьня 2000 |
Сёньня |
Канфлікт у 146-й менскай гімназіі: у адну клясу злучаныя вучні, якія да гэтага шэсьць гадоў навучаліся на розных мовах. Ад першае па шостую клясу ўлучна 6 “Г” кляса менскае школы №146 была беларускамоўнаю. Перад ёю па-беларуску вучыцца яшчэ адная кляса. За ёю на родную мову навучаньня набору ў гэтай школе не праводзілася. Напрыканцы мінулага навучальнага году школа набыла расейскамоўны гімназычны статус. Вучням беларускіх клясаў дазволілі здаваць іспыты ў гімназычныя клясы па-беларуску. Але працягваць вучобу ў іх далей — па-расейску. Частка вучняў і бацькоў 6 “Г” клясы палічыла для сябе такія ўмовы дыскрымінацыйнымі ды запатрабавала ад раённых ды гарадзкіх адукацыйных уладаў захаваць мажлівасьці працягу навучаньня ў ранейшым моўным рэжыме і не далучаць да іх зь іншых клясаў расейскамоўных вучняў, якія не прайшлі гімназычны адбор. Такія гарантыі ў лістох за подпісамі загадчыцы аддзелу адукацыі Маскоўскага раёну Гарбуновай ды начальніка аддзелу адукацыі гарадзкога выканкаму Ціцянкова ў чэрвені былі атрыманыя. Аднак 1 верасьня беларускамоўныя вучні былое 6 “Г”, а цяпер 7 “В” клясы апынуліся за партамі побач з расейскамоўнымі аднаклясьнікамі. Так распарадзілася дырэктарка спадарыня Кісялёва. На моўнай глебе адразу ж паўстаў канфлік, дзеля палагоджаньня якога 4 верасьня быў скліканы бацькоўскі сход. Які, аднак, высьветліў цьвёрдае жаданьне абедзьвюх частак клясы патрабаваць кожнаму сваё. Вось як патлумачыў сытуацыю бацька вучаніцы беларускамоўнае часткі клясы Авяр’ян Дзеружынскі. (Дзеружынскі: ) “Дырэктар ужо рускамоўнай гімназіі №146 спадарыня Кісялёва Ала Васільеўна зрабіла гэта наўмысна для таго, каб наогул дыскрэдытаваць беларускамоўнае навучаньне і сталкнуць ілбамі дзетак рускамоўных і беларускамоўных праз іх бацькоў. Гэта недапушчальна з этычнага пункту погляду, і з пункту гледжаньня маіх законных патрабаваньняў, майго канстытуцыйнага права на беларускамоўнае навучаньне дзіцяці”. Сёньня спадар Дзеружынскі зьвярнуўся зь лістом да начальніка ўправы адукацыі Менскага гарадзкога выканкаму спадара Ціцянкова з патрабаваньнямі захаваць беларускамоўны рэжым навучаньня ў 7 “В” клясе і не далучаць да яе расейскамоўных вучняў. Бацькі якіх, як нам стала вядома, патрабуюць ад уладаў адваротнага. Канфлікт працягваецца. Валянціна Аксак, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |